2016-04-28 15:15:00

Фінансавы кантроль у Ватыкане стаў больш эфектыўным


Прыярытэтным заданнем для Бюро фінансавай інфармацыі Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан застаецца барацьба з незаконнай фінансавай дзейнасцю. 28 красавіка 2016 г. у Зале Друку Святога Пасаду прайшла прэзентацыя справаздачы гэтай структуры за 2015 г. У ёй прынялі удзел старшыня Бюро фінансавай інфармацыі Рэнэ Брульхарт і яго дырэктар Тамаза Дзі Руцца.

Згодна з дакументам, 2015 г. быў пазначаны ростам празрыстасці ў фінансавай дзейнасці Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан. За год было выяўлена 544 падазроныя фінансавыя аперацыі, што значна больш, чым у папярэднія гады. Прычына гэта, аднак, не павелічэнне ўзроўню злачыннасці, але ў шэрагу фактараў, сярод якіх “умацаванне сістэмы апавяшчэння” аб падазроных аперацыях. Увогуле, за апошнія тры гады, у ватыканскіх фінансавых структурах было выяўлена 893 падобныя дзеянні.

Адным з прыярытэтаў у дзейнасці Бюро фінансавай інфармацыі застаецца супрацоўніцтва з адмысловымі органамі на міжнародным узроўні. У 2015 г. было 380 выпадкаў абмену фінансавай інфармацый з замежнымі структурамі. Для параўнання, гэта ў тры разы больш, чым годам раней.

Умацоўваецца таксама ўнутранае супрацоўніцтва паміж структурамі Апостальскай Сталіцы і Ватыкану. Абмен фінансавай інфармацыяй паміж імі адбываўся 108 разоў. У 2014 г. – толькі 41. 17 разоў дасылаліся звароты ў Аддзел прамотара справядлівасці – ватыканскую генеральную пракуратуру. Годам раней – 7 разоў.
 
Увага звярталася таксама на барацьбу з фінансаваннем тэрарызму праз умацаванне супрацоўніцтва з фінансавымі структурамі іншых краін.

Бюро фінансавай інфармацыі павялічыла кантроль за перамяшчэннем фінансаў. У 2015 г. было прыпынена аперацый больш чым на 8 млн. еўра і 1,7 млн. долараў ЗША. З 2012 г. колькасць вывазаў наяўных грошай з ватыканскай тэрыторыі на суму больш чым 10 тыс. еўра паменшылася з 1782 да 1196. Увоз наяўнасці таксама паменшыўся: з 598 выпадкаў у 2012 да 376 у 2015 г. Гэта абумоўлена ўмацаваннем маніторынгу з боку кампетэнтных органаў і ўвядзеннем больш строгіх працэдур.








All the contents on this site are copyrighted ©.