2016-04-29 12:18:00

У Ватыкане будуць выдаваць часопіс для жанчын


У Ватыкане пачалі выдаваць часопіс, адрасаваны жанчынам. Ранейшы ўкладыш “Жанчына-Касцёл-свет”, які з’яўляўся раз у месяц у газеце “L’Osservatore Romano”, стаў асобным выданнем. Дэталі будуць прадстаўлены на прэс-канферэнцыі 3 мая 2016 г. кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам і прэфектам Сакратарыяту па камунікацыі, кс. Дарыё Вігано.

Аб’ём “жаночага” часопіса складае 40 старонак. Ён будзе выходзіць кожны месяц. Тэмы, якія закраналіся ў папярэднім укладышы, дапоўняцца новымі. Напрыклад, пра мастацтва і Біблію будуць пісаць законніцы з пратэстанцкага кляштару ў Бозэ на поўначы Італіі.

“Жанчына-Касцёл-свет” пачаў выходзіць у маі 2012 г. заўсёды ў пачатку месяца ў італьянскім выданні “L’Osservatore Romano”. Яго ангельскамоўная версія з’яўляецца дадаткам да часопіса „Catholic Women Speak”, а французскамоўная – да часопіса “La Vie”. З сакавіка 2015 г. выдаецца іспанскамоўная версія ў якасці дадатку да часопіса “Vida nueva”. 

Галоўным рэдактарам ватыканскага часопіса для жанчын будзе гісторык Лучэта Скарафія з Рыма.








All the contents on this site are copyrighted ©.