2016-04-29 12:39:00

Францішак: не весці двайнога жыцця


Хрысціянін не можа ісці “дарогай цемры”, бо на ёй няма “Божай праўды”, сказаў папа Францішак 29 красавіка 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік пракаментаваў частку Паслання св. Яна, у якой апостал заклікае вернікаў не весці двайнога жыцця – светлага звонку і цёмнага ўнутры, таму што Бог – гэта толькі святло.

“Калі кажаш, што маеш еднасць з Панам, – хадзі ў святле! Але не вядзі двайнога жыцця. Гэта падман, які мы прызвычаіліся бачыць, але таксама і трапляць у яго: казаць адно, а рабіць іншае. Заўсёды існуе гэта спакуса”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што бацькам падману ёсць сатана. Таму апостал, з ласкавасцю дзядулі, які звяртаецца да ўнукаў, казаў “маладому Касцёлу”: “Не будзь ілгуном! Ты ў еднасці з Панам, таму хадзі ў святле. Рабі светлыя ўчынкі”.

А нават калі нехта саграшыць, можа разлічваць на Божае прабачэнне і лагоднасць. “Мы маем Суцяшыцеля, Слова, заступніка, абаронцу перад Айцом: гэта Езус Хрыстус, Справядлівы. Ён нас апраўдвае, дае ласку”, заўсёды, таму што Ён “большы за нашы грахі”, сказаў Папа.

Напрыканцы гаміліі Францішак заклікаў вернікаў не хадзіць “адной нагой у святле, а іншай у цемры”, не быць ілгунамі, не называць сябе справядлівымі, а калі саграшаць – быць упэўненымі, што Бог чакае і прабачае, паколькі з’яўляецца міласэрным. Трэба весці простае і празрыстае хрысціянскае жыццё, заклікаў Святы Айцец. 








All the contents on this site are copyrighted ©.