2016-05-09 14:53:00

Пантыфік: Святы Дух робіць сапраўдных хрысціян


Святы Дух вядзе Касцёл, але для многіх хрысціян Ён застаецца невядомым, адзначыў папа Францішак 9 мая 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Каментуючы літургічнае чытанне з кнігі Дзеяў Апосталаў, Пантыфік спаслаўся на словы некаторых вернікаў з Эфесу: “Мы і не чулі, што ёсць Дух Святы”. Таксама і сёння сустракаюцца людзі, якія вераць у Езуса Хрыста, але амаль нічога не ведаюць пра Святога Духа, заўважыў Папа.

Дух, аднак, гэтай Той, хто вядзе Касцёл наперад, хто робіць кожнага хрысціяніна непадобным да іншага, але ў той жа час стварае адзінства. Святы Дух падштурхоўвае даваць сведчанне аб Езусе Хрысце, вучыць праслаўляць Бога і звяртацца да Яго, кажучы: “Ойча”. Святы Дух бароніць ад адчування сіроцтва, да якога дух гэтага веку жадае прывесці, лічыць Пантыфік.

Паводле слоў Францішка, менавіта Святы Дух дапамагае не звесці веру да маралі або этыкі. Нельга спыняцца на выкананні прыказанняў і больш нічога не рабіць, таму што хрысціянскае жыццё, гэта не этыка: гэта сустрэча з Езусам Хрыстом, сказаў ён. Папа дадаў, што менавіта Святы Дух вядзе на гэту сустрэчу. 

Вельмі часта здараецца так, што вернікі не дазваляюць Яму ўзрушыць сябе: знявольваюць у сваім сэрцы, робячы з Яго “люксавага вязня”, падкрэсліў Францішак. Ён заклікаў адкрыцца на Святога Духа, які здольны вучыць і тлумачыць усё, што казаў Езус. Ён робіць сапраўднымі хрысціянамі, а адзінае, чаго не ўмее, дык гэта рабіць хрысціян “салонных” i віртуальных. 

Напрыканцы гаміліі Францішак заклікаў вернікаў паразважаць аб прысутнасці Святога Духа ў сваім жыцці і прасіць, каб Ён навучыў шляху свабоды і паслухмянасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.