2016-05-10 13:18:00

Апостальская Сталіца дапаможа знайсці працу бежанцам


Сродкі, якія былі сабраны ўнутры павільёну Апостальскай Сталіцы на міжнароднай выставе “Expo 2015”, будуць накіраваны на рэалізацыю праектаў па стварэнні працоўных месцаў для іракскіх і сірыйскіх бежанцаў у Іарданіі. Такое рашэнне прыняў папа Францішак, гаворыцца ў апублікаваным 10 мая 2016 г. паведамленні Папскай рады “Cor Unum” – ватыканскай структуры, якая рэгулюе сферу гуманітарнай дзейнасці Апостальскай Сталіцы.

Рэалізацыяй праекту будзе займацца іарданскае аддзяленне каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Caritas”. На яго будзе выдаткавана 150 тыс. амерыканскіх долараў, ахвяраваных наведвальнікамі павільёну Святога Пасаду на выставе “Expo 2015”, якая праходзіла ў Мілане.

У Іарданіі на дадзены момант знаходзіцца найбольшая колькасць бежанцаў. Паводле дадзеных ААН, тут атрымалі прытулак каля 130 тыс. іракцаў і каля 1,3 млн. сірыйцаў. Іх фактычная колькасць можа быць значна большай.

Святы Пасад дапаможа стварыць працоўныя месцы і прайсці прафесійную падрыхтоўку для пэўнай колькасці бежанцаў. Праект фінансавання разлічаны на шэсць месяцаў, пасля чаго яны атрымаюць магчымасць самі ўтрымліваць сябе.








All the contents on this site are copyrighted ©.