2016-05-10 12:57:00

Святы Пасад даў парады для выкаранення тэрарызму


Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН прыняў удзел у Дыскусіі на высокім узроўні, прысвечанай тэме “Рэлігіі за мір”. Форум прайшоў у Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. У сваім звароце арцыбіскуп Ауса, даў некаторыя парады для выкананення тэрарызму.

У першую чаргу трэба “цалкам і безумоўна адмовіцца ад насілля, якое здзейсняецца ў імя рэлігіі”, бо “ніхто не можа называцца сапраўдным вернікам, калі плануе або здзейсняе акты насілля”, сказаў ён. 

Другі прынцып, узгаданы ватыканскім дыпламатам, датычыць таго, што “насілле і тэрарызм не павінны суадносіцца з пэўнай рэлігіяй, расай, нацыянальнасцю або культурай”. Арцыбіскуп Ауса звярнуў увагу на “адмоўную ролю сродкаў масавай інфармацыі ў пашырэнні, нават ускосным чынам, пэўных стэрэатыпаў, якія выклікаюць асацыяцыі паміж насіллем і канкрэтнымі рэлігіямі або культурамі”.

Апостальская Сталіца лічыць неабходным імкнуцца да міжрэлігійнага і міжкультурнага дыялогу, нават ва ўмовах пераследаў, рэлігійнай нецярпімасці і сацыяльных канфліктаў, бо вайсковае вырашэнне супярэчнасцяў “ніколі не будзе плённым і доўгатрывалым”. 

У такім кантэксце патрэбна “культура сустрэчы і дыялогу, якая спрыяе ўзаемнаму шчыраму прыняццю і садзейнічае будаванню інклюзіўнага грамадства, робячы ўклад на карысць доўгатрывалага міру і бяспекі”. Ватыканскі прадстаўнік пажадаў, каб міжрэлігійны дыялог тычыўся не толькі рэлігійных лідэраў, але ахопліваў усіх вернікаў, вядучы да сустрэчы думак і сэрцаў.

Паводле Святога Пасаду фундаментальна важна выкараненне прычын гвалтоўнага экстрэмізму, сярод якіх: беднасць, хранічнае беспрацоўе, сацыяльная адчужанасць, адсутнасць каштоўнасцяў і інтэграцыі ўнутры грамадстваў.

Дыпламат Апостальскай Сталіцы заклікаў урады вырашыць праблемы супольнасцяў, у якіх існуе найбольшая рызыка экстрэмізму і вярбоўкі моладзі тэрарыстычнымі групамі. 

Напрыканцы сваёй прамовы арцыбіскуп Аўса падкрэсліў, што гарманічнае грамадства ніколі не можа быць вынікам намаганняў, прадпрынятых аднойчы, але злучэннем тысячы штодзённых жэстаў. Ён заклікаў, каб культура міру стала ладам канкрэтнага жыцця: нормай, а не выключэннем.








All the contents on this site are copyrighted ©.