2016-05-13 11:59:00

Папа прызначыў Апостальскага нунцыя ў Беларусі


Папа Францішак прызначыў новым Апостальскім нунцыем у Беларусі мансеньёра Габара Пінтэра, надаючы яму адначасова годнасць арцыбіскупа. 

Новы дыпламатычны прадстаўнік Святога Айца ў краіне нарадзіўся ў венгерскім Куншэнтмартон 9 сакавіка 1964 г. Атрымаў святарскае пасвячэнне 11 чэрвеня 1988 г. Пачаў службу ў ватыканскай дыпламатыі 1 ліпеня 1996 г. і працаваў у дыппрадстаўніцтвах Святога Пасаду на Гаіці, у Балівіі, Швецыі, Францыі, на Філіпінах і ў Аўстрыі.

Новы Апостальскі нунцый у Беларусі ведае венгерскую, італьянскую, англійскую, нямецкую, іспанскую, французскую, рускую, шведскую і крэольскую мовы.

Мансеньёр Габар Пінтэр змяніў на пасадзе Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. 13 лістапада 2015 г. Святы Айцец прызначыў італьянскага іерарха Апостальскім нунцыем ва Украіне. Ён выконваў дыпламатычную місію ў Беларусі на працягу чатырох з паловай гадоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.