2016-05-18 11:33:00

Францішак: ігнараваць беднага – тое ж, што пагарджаць Богам


Ніякае пасланне не можа замяніць бедных, у якіх сам Езус выходзіць нам насустрач, сказаў папа Францішак 18 мая 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Сваю катэхезу Пантыфік прысвяціў евангельскай прыпавесці пра багацея і жабрака па імені Лазар, які ляжаў каля брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала першага (Лк 16,19-31).

Паводле Папы, Лазар яскрава прадстаўляе маўклівы вокліч бедных усіх часоў, а таксама супярэчлівасць свету, у якім бязмежныя багацці і рэсурсы, знаходзяцца ў руках вузкага кола людзей. 

Францішак падкрэсліў, што адчужаючы Лазара, багацей лічыў ні за што ні Бога, ні закон. “Ігнараваць беднага – тое ж, што пагарджаць Богам! Ёсць адна дэталь у гэтай прыпавесці, якая павінна быць падкрэслена: багаты не мае імя, у той час, імя жабрака паўтараецца пяць разоў. “Лазар” азначае “Бог дапамагае”. Лазар, які ляжаў перад брамай, гэта жывы вокліч да багацея, каб памятаў пра Бога, але ён не прымае гэтага закліку. Ён будзе асуджаны не за свае багацці, але за сваю няздольнасць спачуваць Лазару і дапамагчы яму”, - сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што апынуўшыся ў адхлані багацей “прызнаў Лазара і спытаў яго аб дапамозе, у той час як пры жыцці рабіў выгляд, што не бачыць яго”. 

“Раней не даваў яму нават аб’едкаў са свайго стала, а зараз хоча, каб той, прынёс яму піць! Думаў што яшчэ можа прад’яўляць правы ў сілу свайго папярэдняга сацыяльнага статусу. Абвяшчаючы немагчымасць прыняць яго просьбы, Абрагам асабіста дае ключ для разумення ўсяго апавядання: ён тлумачыць, што дабро і зло было размеркавана так, каб кампенсаваць зямную несправядлівасць і брама, якая пры жыцці аддзяляла багатага ад беднага, перамянілася ў “вялізную прорву”. Пакуль Лазар быў пад яго домам, для багатага існавала магчымасць збаўлення, але зараз, калі абодва памерлі, сітуацыя стала невыпраўляльнай. Бог ні разу тут не ўзгадваецца, але прыпавесць ясна ўказвае: Божая міласэрнасць да нас звязана з нашай міласэрнасцю да бліжняга; калі яе не хапае, таксама і Божая міласэрнасць не знаходзіць месца ў нашым закрытым сэрцы, не можа ўвайсціў яго”, - сказаў Папа.

У гэтай сітуацыі багацей пачаў думаць, як выратаваць ад пекла сваіх братоў і папрасіў, каб Лазар мог вярнуцца ў свет і папярэдзіць іх. Абрагам на гэта адказаў: “У іх ёсць Майсей і прарокі, няхай слухаюцца іх”.

“Каб навярнуцца, мы не павінны чакаць цудоўных падзей, але адкрыць сэрца на Божае слова, якое заклікае любіць Бога і бліжняга. Божае слова можа ажывіць чэрствае сэрца і вылечыць яго ад слепаты. Багаты ведаў Божае слова, але не слухаў яго, не прымаў у сэрца, таму быў няздольны расплюшчыць вочы і мець спачуванне да беднага. Ніякі пасланнік і ніякае пасланне не могуць замяніць бедных , якіх сустракаем на шляху, бо ў іх нам насустрач выходзіць сам Езус: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25, 40)”, - зацытаваў Францішак Святое Пісанне. 

Папа заўважыў, што ў змене лёсаў, які апісвае прыпавесць, схавана таямніца нашага збаўлення, у якой Хрыстус яднае беднасць і міласэрнасць.

 








All the contents on this site are copyrighted ©.