2016-05-19 13:23:00

Беларуская выстава ў Ватыкане – адказнасць і новыя выклікі


Першыя наведвальнікі выставы “Іканапіс Беларусі ХVII-XXI стагоддзяў” у Ватыканскіх музеях убачылі ўнікальную экспазіцыю. 18 мая 2016 г. у музейным комплексе Святога Пасада афіцыйна быў дадзены старт сумеснаму праекту двух музеяў і двух дзяржаў. Гэта не толькі першая выстава з Беларусі ў Ватыкане, упершыню ў залах Ватыканскіх музеяў прадстаўлена экспазіцыя з усходнееўрапейскай краіны. 

Дзякуючы спевам хора Усіхсвяцкага праваслаўнага прыхода Мінска і вядомай у Беларусі спявачкі Патрыцыі Курганавай на адкрыцці выставы запанавала асаблівая атмасфера. Экспанаты прывезены з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і мінскага Дома Міласэрнасці. Усяго 33 – гэта каталіцкія і праваслаўныя абразы, а таксама чаканныя аклады. Побач прыклады сакральнага мастацтва двух хрысціянскіх канфесій, побач на адкрыцці – каталіцкі іерарх і праваслаўны святар. 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас адкрыцця выставы нагадаў пра блізкасці Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы ў Беларусі і агульных мэтах у адстойванні хрысціянскіх каштоўнасцяў. “Гэта яшчэ раз кажа аб тым, што міжканфесійны клімат паміж нашымі Цэрквамі – добры. Таксама гэта нагадвае аб тым, што Еўропа павінна дыхаць двума лёгкімі, аб чым казаў св. Ян Павел ІІ. Культура межаў не мае, яна ўсіх нас аб’ядноўвае”, - сказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. 

Аб тым, што Бог падарыў Беларусі такое геаграфічнае становішча, дзе перекрыжоўваюцца Усход і Захад, у сваёй прамове адзначыў і пратаіерэй Фёдар Поўны, настаяцель Усіхсвяцкага прыхода. “Іконы пісалі беларусы, простыя людзі з народа. Яны ўклалі ў абразы сваю душу, сваю малітву, запаведзь аб любові і міры, які не магчымы без Бога. Так давайце сёння ня будзем спяшацца, а станем у бязмоўным спакоі і пачуем тую запаведзь любові, якую нясуць беларускія іканапісцы”, -  сказаў праваслаўны святар. 

Дзве іконы, прадстаўленыя на выставе, “нарадзіліся” на свет у мінулым годзе. Яны напісаны сучасным іканапісцам, Андрэем Жаравым. Але ўсе экспанаты ад старажытных да сучасных – сапраўды мастацкая каштоўнасць, нагадаў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў. “Мы, беларусы, магчыма, і самі да канца не ўсведамляем, якімі каштоўнасцямі і скарбамі мы валодаем. Прадставіць экспазіцыю тут, у Ватыканскіх музеях, побач з шэдаўрамі сусветнага мастацтва – для нас гонар і адказнасць, а таксама – экзамен на прафесійнасць”, - прызнаўся дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея.

Уладзімір Пракапцоў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё нагадаў, што ў падрыхтоўцы выставы былі задзейнічаны шматлікія супрацоўнікі музея – ад тэхнічнага персаналу да рэстаўратараў. Ён адзначыў, што ўвогуле некаторыя іконы ў нацыянальнае сховішча з храмаў трапілі пасля вайны ці ў атэістычныя часы падчас экспедыцый музейных супрацоўнікаў, бо ў разбураных ці перабудаваных пад іншыя, не сакральныя мэты цэрквах і касцёлах святыні маглі загінуць. 

Дзе сёння павінны захоўвацца вядомыя і ўшанаваныя абразы, ці павінны яны належаць толькі музеям ці толькі рэлігійным супольнасцям, а можа павінны зноў вярнуцца ў алтары? Гэта пытанне ў Беларусі паўстае паміж музейнай і рэлігійнай супольнасцямі. “Сёння некоторыя абразы і іконы маюць вельмі вялікую мастацкую каштоўнасць, яны належаць сусветнаму мастацству. Больш за тое, у харамх няма такога клімат-кантролю і мер для захавання. Можа быць вынесена ікона на некалькі дзён, напрыклад, на прастольнае свята, гэта можа быць, але не пастаянна, таму што няма адпаведнага клімату. Давайце абмяркоўваць, давайце спачатку вынесем пытанне на ўзровень двух Мітрапалітаў, давайце арганізуем праваслаўна-каталіцкі круглы стол, канферэнцыю, каб абмеркаваць і знайсці кампраміс. Я лічу, што мы павінны думаць не толькі пра сёння, але і пра заўтра і паслязаўтра, каб захаваць іконы для будучыні і нашых нашчадкаў”, - прапанаваў дырэктар музея.      

Ад ідэі выставы “Іканапіс Беларусі ХVII-XXI стагоддзяў” да яе адкрыцця прайшло некалькі гадоў. У падрыхтоцы прымалі ўдзел таксама супрацоўнікі Міністэрства культуры, дыпламаты, у тым ліку непасрэдна – пасол Беларусі пры Святом Пасадзе. Сяргей Алейнік спадзяецца і на далейшае беларуска-ватыканскае супрацоўніцтва ў культарнай сферы. “Мы сапраўды вельмы рады, што гэта выстава адбылася. Удвая прыемна, што выстава адкрылася ў Год Міласэрнасці, абвешчаны Пантыфікам, і ў Год культуры, аб’яўлены Прэзідэнтам Беларусі. Падчас падрыхтоўкі выставы Нацыянальны музей Беларусі і Вытыканскія музеі наладзілі канструктыўныя кантакты, і я спадзяюся, што гэтыя кантакты матэрыялізуюцца ў іншыя праекты, у тым ліку звязанныя з экспанавеннем нейкай часткі калекцыі Вытыканскіх музеяў у Беларусі”, - выказаў надзею дыпламат.  

Пакуль жа ёсць ідэя, каб ужо восенню арганізаваць “рэха” гэтай выставы. 33 іконы і аклады, выстаўленныя зараз ў Вытыканскіх музеях, а таксама тыя, што не трапілі сюды, будуць прадстаўлены ўжо на выставе ў Мінску, што стане сваеасаблівай справаздачай і яшчэ адной магчымасцю паглядзець на прыклады беларускага сакральнага мастацтва. 








All the contents on this site are copyrighted ©.