2016-05-21 12:41:00

Папа прыняў у Ватыкане Прэзідэнта Беларусі


21 мая 2016 г. раніцай Святы Айцец Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі ў Апостальскім палацы ў Ватыкане Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пасля сустрэчы з Пантыфікам адбылася размова Аляксандра Лукашэнкі з Дзяржсакратаром Яго Святасці, кардыналам Пьетра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі.

Падчас сардэчных размоў было выказана задавальненне добрым станам двухбаковых адносін. Некаторыя пытанні, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, былі абмеркаваны з асаблівым акцэнтам на жыццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і мірнае суіснаванне паміж католікамі і праваслаўнымі ў краіне, а таксама паміж іншымі веравызнаннямі і рэлігіямі, гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Залы Друку Святога Пасаду.

Падчас сустрэч была падкрэслена важная роля Мінска, які стаў месцам для перамоў, накіраваных на пошук рашэнняў для міру ў рэгіёне.

На заканчэнне сустрэч адбыўся абмен падарункамі. Апрача “афіцыйных”, драўлянай копіі крыжа Ефрасінні Полацкай, мадэлі папскай карэты і галаграфічнага абраза, Аляксандр Лукашэнка зрабіў вельмі асабісты падарунак – сваю ручку, якой карыстаўся доўгі час. Ён прызнаўся, што робіць такі жэст упершыню ў жыцці, падкрэсліваючы выключнасць асобы Папы. Францішак падарыў Прэзідэнту Беларусі бронзавы сувернірны медаль з выявай аліўкавага дрэва, якое з’яўляецца сімвалам міру, і экзэмпляры трох сваіх дакументаў: энцыклік “Lumen Fidei” і “Laudato si'”, а таксама Апостальскай адгартацыі “Amoris Laetitia”. “Асабісты” падарунак ад Святога Айца таксама не прымусіў чакаць сябе – Аляксандр Лукашэнка атрымаў асабістую ручку Францішка.

Пасля сустрэчы ў Дзяржсакратарыяце таксама адбыўся абмен падарункамі. Кардынал Паралін атрымаў ад кіраўніка дзяржавы сярэбраную копію “Апошняй вячэры” і падарыў яму гравюру, выкананую ў лімітаванай серыі спецыяльна да Году Міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле.








All the contents on this site are copyrighted ©.