2016-05-21 13:45:00

Арцыбіскуп Кандрусевіч пра ватыканскі візіт Прэзідэнта


У тым, што візіт Прэзідэнта Беларусі ў Ватыкан і сустрэча с папам Францішкам паспрыяе развіццю адносін паміж двума дзяржавамі, а таксама паміж краінай і Каталіцкім Касцёлам у Беларусі, упэўнены арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё нагадаў, што гэта другі візіт Аляксандра Лукашэнка ў Ватыкан. Першы, падчас патыфікату Бэнэдыкта XVI, адбыўся ў 2009 г. Сённяшнія сустрэчы з папам Францішкам і кардыналам Дзяржакратаром кажуць аб дынаміцы адносін, перакананы арцыбіскуп Кандрусевіч.   

“Роля Апостальскай Сталіцы ў свеце вельмі вялікая і таму, мы ведаем, што для вырашэння шматлікіх сусветных праблем вельмі часта звяртаюцца менавіта да яе. Таму для нас – гонар, што Папа прыняў кіраўніка дзяржавы. Гэта таксама падкрэслівае значэнне Каталіцкага Касцёла ў жыцці Беларусі. І я спадзяюся, што будуць і далей развівацца адносіны паміж нашай дзяржавай і Святым Пасадам, а таксама і адносіны паміж дзяржавай і Каталіцкім Касцёлам. Мы ўсе чакаем, што калісьці Папа наведае Беларусь, кожны чалавек задае гэта пытанне, і тут у Рыме таксама. Думаю, што такія спатканні могуць наблізіць гэты візіт Пантыфіка ў нашу краіну, а краіна заслугоўвае гэтага”, - выказаў меркаванне Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.   

Тым больш, у гэтым годзе Каталіцкі Касцёл у Беларусі адзначае 25-годдзе аднаўлення сваіх структур, па сутнасці, сваё адраджэнне. І сёння, праз чвэрць века Кацёлу ёсць шмат чаго прапанаваць беларускаму грамадству: супрацоўніцства ў духоўнай, сацыяльнай, адукацыйнай, культурнай сферах. Умацаваць яго дапамагло б пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам. Мова аб падрыхтоўцы такого дакумента ідзе даўно і зараз – час надаць гэтаму працэсу новы імпульс, лічыць беларускі іерарх. 

“Калі казаць аб адносінах Касцёла і дзяржавы, то такое пагадненне, а лепш канкардат, але ідзе гаворка менавіта пра пагадненне, то яно з’яўляецца лакмусавай паперай, якая паказвае, што адносіны гэтыя добрыя. Былы Апостальскі нунцый у Беларусі Клаўдыё Гуджэроцці шмат рабіў дзеля гэтай справы – падпісання пагаднення. Я ўпэўнены, што новы нунцый таксама будзе працаваць у гэтым напрамку. Аднак сённяшні візіт Прэзідэнта Беларусі ў Ватыкан, напэўна, дае новыя перспектывы, каб сапраўды на міжнародным узроўні роўнымі актамі засведчыць адносіны паміж Беларуссю і Ватыканам і іх развіццё”, - выказаў надзею арцыбіскуп Кандрусевіч. 

Плёны візіту беларускага кіраўніка ў Ватыкан і сустрэчу з Папам яшчэ трэба будзе асэнсаваць, але сапраўды гэтыя падзеі ўжо ўвайшлі ў гісторыю – і двух дзяржаў, і Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.