2016-05-23 14:21:00

Імам мусульманскага ўніверсітэта наведаў Ватыкан


23 мая 2016 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі Вялікага імама ўніверсітэту “Аль-Азхар”, прафесара Ахмеда аль-Таеба з дэлегацыяй, якая складалася з яго бліжэйшых супрацоўнікаў. З боку Апостальскай Сталіцы на сустрэчы прысутнічалі: старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран і сакратар гэтай дыкастэрыі, айцец Мігель Анхель Аюса Гішот.

Сардэчная дыскусія працягвалася каля 30 хвілін. Суразмоўцы адзначалі вялікае значэнне “гэтай новай сустрэчы ў рамках дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і ісламам”. Галоўным чынамі імі абмяркоўвалася тэма супольных намаганняў лідэраў і вызнаўцаў вялікіх рэлігій на карысць міру ў свеце, асуджэння насілля і тэрарызму. У цэнтры ўвагі была таксама сітуацыя хрысціян у кантэксце канфліктаў і напружанасці на Блізкім Усходзе і іх абарона.

Папа падарыў Вялікаму імаму сувенірны медальён з выявай аліўкавага дрэва, якое з’яўляецца сімвалам міру і асобнік сваёй энцыклікі “Laudato si’”, аб ахове навакольнага асяроддзя.

Універсітэт "Аль-Азхар", гэта адзін са старэйшых універсітэтаў у свеце, а таксама самы прэстыжны мусульманскі духоўны універсітэт. Ён быў заснаваны яшчэ ў 988 г. дынастыяй Фатымідаў у Каіры.








All the contents on this site are copyrighted ©.