2016-05-25 15:36:00

Кардынал Грахалеўскі: галоўная ўстанова дыяцэзіі – семінарыя


Галоўны выклік для Касцёла ў Беларусі – гэта падрыхтоўка мясцовых святароў, лічыць прэфект на пенсіі Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі кардынал Зянон Грахалеўскі. У якасці Папскага пасланніка пурпурат прымае ўдзел у Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе, які праходзіць у Гродне, з нагоды 25-годдзя адраджэння касцёльных структур у Беларусі.

“Галоўным выклікам для Касцёла з’яўляецца тое, што мне асабліва дорага – выхаванне маладых святароў, выхаванне ў семінарыі (...) Гэта галоўная праблема. Учора я казаў святарам, выкладчыкам, а таксама семінарыстам, што семінарыя – гэта самая важная структура ў дыяцэзіі. Будучыня будзе залежыць ад іх саміх, іх выхавання, ад іх сувязі з Хрыстом”, - сказаў пурпурат.

Паводле кардынала Грахалеўскага, той факт, што ўсе менш святароў могуць займацца душпастырствам у Беларусі, павінен падштурхнуць глыбей задумацца пра падрыхтоўку мясцовых святароў. 

Кардынал Грахалеўскі нагадаў пра сваю даўнюю сувязь з Гродзенскай дыяцэзіяй, якую наведвае ўжо не ў першы раз. Свой візіт у Беларусь ён назваў “вельмі асабістым і вельмі важным перажываннем”. 








All the contents on this site are copyrighted ©.