2016-05-25 10:00:00

Сусветная сустрэча сем’яў прадстаўлена ў Ватыкане


ІХ Сусветная сустрэча сем’яў адбудзецца 22-26 жніўня 2018 г. у Дубліне. Яна пройдзе пад дэвізам: “Евангелле сям’і, радасць для свету”. Аб гэтым стала вядома падчас прэзентацыі форума 24 мая 2016 г. у Зале Друку Апостальскай Сталіцы.

Старшыня Папскай рады па справах сям’і арцыбіскуп Вінчэнца Палья падкрэсліў, што “вялікай хартыяй” падрыхтоўкі да сустрэчы будзе Апостальская адгартацыя папы Францішка “Amoris laetitia” на тэму сям’і. Форум ў сталіцы Ірландыі стане “значным этапам” у прыняцці, паглыбленні і ўведзенні ў жыццё мясцовых Касцёлаў гэтага дакумента.

Паводле арцыбіскупа Пальі, той факт, што сустрэча пройдзе ў Еўропе, стане нагодай, каб жыхары кантыненту па-новаму ўбачылі цэнтральнага месца сям’і, як “першай школы мірнага суіснавання”.

Гаворачы аб тэме форума, іерарх адзначыў, што “сем’і, асабліва хрысціянскія, з’яўляюцца добрай навіной (“Евангеллем”) для Касцёла і свету”. У “сяменым духу” Касцёл, рэлігіі і грамадства могуць знайсці спосаб для супрацьстаяння індывідуалізму, які ўсё больш ахоплівае свет.

Прысутны на прэзентацыі форума Мітрапаліт Дублінскі арцыбіскуп Дзіармуід Марцін звярнуў увагу на важнасць духоўнай і катэхетычнай падрыхтоўкі да яго.

Сусветныя сустрэчы сем’яў праводзяцца кожныя тры гады. Першая адбылася ў 1994 г. у Рыме. У час пантыфікату св. Яна Паўла ІІ форумы прайшлі: у Рыа-дэ-Жанейра, у 1997 г., Рыме, у 2000 г. і Маніле, у 2003 г.. У час пантыфікату Бэнэдыкта XVI – у Валенсіі, у 2006 г., Мехіка, у 2009 г., і Мілане, у 2012 г., а падчас пантыфікату Францішка – у Філадэльфіі, у 2015 г.. Пантыфікі прымалі ўдзел ва ўсіх сустрэчах, за выключэннем тых, што праходзілі ў Маніле і Мехіка. 

Пра тое, што месцам правядзення ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў стане Дублін Францішак паведаміў у Філадэльфіі, у верасні 2015 г.   








All the contents on this site are copyrighted ©.