2016-06-02 08:48:00

Юбілей заснавальніка “беларускага” Ватыканскага радыё


120 гадоў таму нарадзіўся славуты каталіцкі святар, журналіст і патрыёт Беларусі, заснавальнік беларускага вяшчання Ватыканскага радыё – кс. Пётр Татарыновіч. Гэта адбылося 2 чэрвеня 1896 г. у вёсцы Гайнін, на Случчыне. Яго жыццё, як і многіх іншых святароў ХХ ст., было нялёгкім. Кс. Пётр быў не з тых, хто задавольваўся малым і баяўся ісці супраць плыні. За гэта расплочваўся “нязручнасцямі” і папрокамі.

Яшчэ будучы субдыяканам ён прамаўляў казанні па-беларуску, а “парафіяне з вялікай зацікаўленасцю слухалі казанні, плакалі і цешыліся...”, узгадваў у кнізе “Родная мова ў святынях” кс. Адам Станкевіч.

Тытул “Апостал Палесся”, які носіць св. Андрэй Баболя, заслужана можа насіць і кс. Татарыновіч. Пінск, Столін, Мядзведзічы, Дамачава, Баранавічы: гэта не поўны спіс месцаў, дзе ён нёс святарскае служэнне. Татарыновіч спазнаў досвед высылкі ў польскамоўныя рэгіёны. Такія дысцыплінарныя меры ў той час былі вельмі распасюджанымі ў дачыненні да святароў, якія актыўна карысталіся беларускай мовай у літургіі і душпастырстве. Пазней ён ледзьве пазбегнуў арышту, напачатку пры бальшавіках, а затым пры нацыстах.

У сваёй душпастырскай дзейнасці імкнуўся ахапіць як мага большую колькасць вернікаў, таму на поўніцу карыстаўся магчымасцямі тагачасных СМІ: перыядычна друкаваўся ў каталіцкіх выданнях “Krynica”, “Chryscijanskaja Dumka”, уніяцкім часопісе “Да злучэння”, займаўся перакладамі на беларускую мову, выданнем кніг і брашур.

Калі апынуўся ў Рыме, заснаваў часопіс “Źnič”, а таксама паставіў на службу евангелізацыі беларусаў такі магутны інструмент, як радыё. Святар стаяў ля вытокаў беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё – першай замежнай радыёстанцыі, якая пачала вяшчаць на мове Купалы і Коласа.

Дзякуючы яму, Евангелле дасягала тых месцаў, куды не магла трапляць тая малая група святароў, што засталася ў Беларусі. Слухаючы голас кс. Татарыновіча вернікі знаёміліся з катэхізісам, літургіяй, малітвамі, ведалі пра падзеі з жыцця Касцёла і беларускай каталіцкай эміграцыі.

Апошнія гады кс. Пётр жыў у доме для святароў-пенсіянераў у Вечным горадзе. Яго падтрымлівала дачка яго блізкага сябра – беларускага этнографа і грамадскага дзеяча Мар’яна Пецюкевіча – Марыся. Жанчына клапацілася пра тое, каб беларускі святар не пакутаваў ад адзіноты, недахопу ў камунікацыі і ўвагі. А такая праблема існавала.

Кс. Пётр Татарыновіч пахаваны на рымскім “Cimitero Flaminio”. Там устаноўлена простая таблічка з яго іменем і надпісам “Заснавальнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё” – адзіная на сённяшні дзень “мемарыяльная дошка” славутаму беларускаму каталіцкаму дзеячу. 

Ён не збіраў скарбаў на зямлі, але пакінуў іх тут. Заснаваная ім рэдакцыя Ватыканскага радыё працягвае вяшчанне, перакладзеныя ім кнігі – каштоўны скарб беларускай літаратуры, выдадзеныя часопісы і напісаныя артыкулы – сапраўдная хроніка жыцця Касцёла і беларускай каталіцкай эміграцыі, важныя для даследчыкаў. Чарговы юбілей гэтага выбітнага дзеяча можа стаць нагодай, каб прынамсі сціпла падзякаваць Богу за дар яго жыцця і служэння. 








All the contents on this site are copyrighted ©.