2016-06-04 10:41:00

Святары з Беларусі на ўрачыстасцях у Ватыкане


Натхненнем у служэнні і жыцці стала сустрэча святароў з нагоды Юбілейнага Года Міласэрнасці. Яна праходзіла ў мінулыя дні ў Ватыкане і сабрала духавенства з усяго свету. Гэта быў неацэнны досвед, да якога дакрануліся і пяць святароў з Беларусі, усе яны з Кангрэгацыі Айцоў Аблатаў Марыі Беззаганай. 

Сустрэча нагадала, што сістэматычная праца святара з людзьмі – першы абавязак, адзначыў кс. Пётр Бялевіч, падводзячы вынікі масштабнага духоўнага форуму. “Не бойцеся глядзець уперад, не бойцеся ісці ўперад. Езус Міласэрны прабачае, нават калі ты памыліўся ў сваім жыцці, калі ты здзейсніў грахі, цяжкія грахі, вяртайся і ідзі наперад, а твой досвед граху дапаможа зразумець тых, хто яшчэ жыве ў граху, каб ты іх не судзіў, але каб ты прабачаў іх і шукаў, як загубленую авечку. Такая была навука Папы. Асабаста для мяне гэта таксама зараз важна: ісці наперад і не баяцца, не баяцца прапаведваць Езуса Хрыста, Евангелле, несці тое служэнне, да якога нас Бог паклікаў, служэнне праз сакрамэнты і навуку Касцёла. Папа вельмі добра сказаў: трэба быць сведкам таго, чаму навучаем”, - сказаў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё святар. 

Кожны з святароў вынес для сабе нешта асаблівае з гэтай сустрэчы. Але тое, што кожны на ўсё жыццё яе запомніць – гэта бясспрэчна так.  Малітвы, медытацыі, жывыя размовы людзей, якія працуюць дзеля іншых. Кульмінацыяй “Юбілейнай сустрэчы” стала сумесная св. Імша, якую узначаліў папа Францішак. Пантыфік не мог не прывітаць беларусаў, падзяліўся ўражаннямі кс. Пётр Бялевіч. “Калі падышоў да нас, мы кажам: “Мы місяінеры-аблаты з Беларусі”. А ён: “Так, Беларусь! Тут быў ваш Прэзідэнт, гэта была добрая сустрэча”. Мы адказалі, што мы ведаем і таксама молімся за яго і за Беларусь. Папа Францішак нас трымаў за рукі, як айцец, неяк па-айцоўску, была цёплая размова. І з радасцю зараз мы хочам гэтым падзяліцца, што Папа ведае і памятае пра Беларусь. Гэта можна было добра адчуць”, -  падзяліўся святар. 

Акрамя агульнага духоўнага пад’ёму, юбілейная сустрэча святароў прынесла і вельмі рэальныя парады служэння: ад рэакцыі на сучасныя выклікі да будавання асабістых узаемаадносін з вернікамі ў парафіі, лічыць кс. Бялевіч. “Для мяне найважнейшае – сістэматычна і рэгулярна навучаць. Я так лічу і сведчу гэта сваёй працай у Беларусі. Калі працаваў у Шуміліна, Мінску, Пінску. Сітэматычна і рэгулярна. І менавіта такая праца дае больш плёнаў. А не тое, што правёў нейкае свята і ўсё, задаволіцца. Не, не. Найбольш я радуюся таму, што рабіў пастаянна год, два, тры. Проста трэба рабіць крок за крокам, рэгулярна і пастаянна, не спыняцца, ісці далей, прапаведваць. Я б так сказаў, і сустрэчы важныя. Не трэба баяцца розных форм сустрэчы з вернікамі: быць побач з людзьмі, дзяліцца з імі жыццём і іх жыццё падзяляць. Я так гэта бачу”, - прызнаўся душпастыр сем’яў Пінскай дыяцэзіі. 

Сваім досведам, уражаннямі і думкамі, прызналіся удзельнікі “Юбілею святароў”, абавязкова падзеляцца з субратамі і вернікамі ў Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.