2016-06-06 13:12:00

Беларускія марыяне ўдзячныя за кананізацыю заснавальніка


5 чэрвеня 2016 г. папа Францішак здзейсніў кананізацыю заснавальніка кангрэгацыі айцоў марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі бл. Станіслава Папчынскага. На ватыканскіх урачыстасцях сабраліся каля тысячы прадстаўнікоў гэтай манаскай супольнасці з усяго свету. Сярод іх быў кіраўнік вікарыяту айцоў марыянаў у Беларусі, а. Міхаіл Цвячкоўскі. 

“Станістаў Папчынскі быў цалкам адданы Езусу і Марыі. Гэтая адданасць з’яўляецца прыкладам для кожнага з нас. Яна праяўлялася ў практычных дзеяннях, у вернасці і малітве. Станіслаў Папчынскі для нас – гэта ўзор даверу да Бога ў кожнай сітуацыі. Мы вельмі рады, што ў нас ёсць святы заснавальнік”, - сказаў святар беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Айцец Міхаіл нагадаў, што кангрэгацыя айцоў марыянаў блізка звязана з гісторыяй Беларусі. Благаслаўлёнымі з’яўляюцца такія члены гэтай супольнасці, як Біскуп Віленскі Юры Матулевіч, а таксама росіцкія мучанікі, аб кананізацыі якіх трэба маліцца. 

“У Беларусі марыяне працуюць з 1923 г., калі быў заснаваны кляштар у Друі. Мы працуем у душпастырстве. У нас ёсць свае благаслаўлёныя: Юры Кашыра і Антоній Ляшчэвіч, пакутнікі з Росіцы. Мы б хацелі дачакацца той хвіліны, калі яны будуць абвешчаны святымі і верым, што так будзе. Для гэтага патрэбны цуд, здзейснены праз іх заступніцтва. Так з’явіцца магчымасць для кананізацыі на нашай, беларускай зямлі, нашых, беларускіх святароў”, - сказаў святар.  

Айцец Міхаiл распавёў што св. Імшы падзякі за кананізацыю Станіслава Папчынскага пройдуць у Беларусі восенню. Яны адбудуцца ў марыянскіх касцёлах у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.