2016-06-07 12:43:00

Будслаўскія ўрачыстасці годныя быць у спісе ЮНЕСКА


Вернікі Беларусі чакаюць рашэння па ўнясенні ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўрачыстасцяў у гонар Маці Божай Будслаўскай. Заяўка ў міжнародную арганізацыю была пададзена па благаслаўленні арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, паведаміла Галіна Івуць, супрацоўніца аддзела міжнароднай і сацыя-культурнай дзейнасці Інстытута культуры Беларусі. Яна прымала ўдзел у падрыхтоўцы матэрыялаў для прадстаўлення Будслаўскіх урачыстасцяў і ўпэўнена: беларуская намінацыя годная быць часткай Нематэрыяльнай культурнай спадчыны свету. 

“ЮНЕСКА вучыць нас дыялогу. І як раз Будслаўскія ўрачыстасці з’яўляюцца прыкладам такога дыялогу: міжрэлігійнага, міжканфесійнага, грамадскага, паміж рознымі супольнасцямі. Элемент сусветнай спадчыны павінен аб’ядноўваць усе слаі насельніцтва. І гэта яркі прыклад. Памятаеце, як ідуць пілігрымы? Яны ідуць з усёй краіны, з суседніх краін. І калі чалавек аднойчы быў у пілігрымцы, яго ўжо цягне на наступны год – своеасаблівае аб’яднанне людзей, супольнасцяў. А паглядзіце, колькі людзей спавядаецца ў Будславе...”, - нагадала Галіна Івуць. 

Ушанаванню Маці Божай Будслаўскай больш за чатыры стагоддзі, больш за 50 тыс. пілігрымаў кожны год: ўсё гэта – толькі малая частка традыцый Будслаўскіх урачыстасцяў. У дасье, пададзеным у ЮНЕСКА, змястоўна адлюстравана веліч Нацыянальнай святыні Беларусі. Яе гісторыя вядома і далёка за межамі краіны. І доказ таму – прэзентацыя Буслаўскага абраза Маці Божай у рамках Дней культуры Беларусі ў Парыжы, сведкай якіх стала і Галіна Івуць. 

“Ініцыятарамі мерапрыемства “Духоўная спадчына Беларусі” былі асацыяцыя “Культурны цэнтр Беларусі ў Францыі” пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Францыі, храм Трох свяціцеляў у Парыжы і наша парафія св. Сымона і св. Алены ў Мінску. Мы паведамілі людзям пра гісторыю Чырвонага касцёла, пра гісторыю Будслаўскіх урачыстасцяў, і яны былі вельмі зацікаўленыя. Храм Трох Свяціцелей у Парыжы – праваслаўны і туды на малітву прыходяць людзі з усёй постсавецкай прасторы. І гэта супрацоўніцтва на тэму духоўнай спадчыны Беларусі, я лічу, важнае ў справе адзінства хрысціян”, - паведаміла парафіянка касцёла св. Сымона і св. Алены.

Дэлегацыя з Беларусі падарыла парыжскаму праваслаўнаму храму копіі абразоў Маці Божай Жыровіцкай і Маці Божай Будслаўскай – як знак сувязі краін і канфесій, гісторыі і сучаснасці, міру і павагі да рэлігійных святынь. Дарэчы, ад Беларусі яшчэ не было заяўкі на ўключэнне ў Спіс ЮНЕСКА рэлігійнай урачыстасці: Будслаўскае свята – першае.

Зараз вернікі парафіі св. Сымона і св. Алены моляцца ў інтэнцыі станоўчага рашэння ЮНЕСКА, падкрэсліла Галіна Івуць і дадала, што інтрыга вырашыцца зусім скора: восенню ў сталіцы Эфіопіі Адзіс-Абебе краіны-удзельніцы арганізацыі ААН будуць галасаваць за новыя намінацыі, у ліку якіх Будслаўскія ўрачыстасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.