2016-06-13 12:51:00

Пантыфік: здольнасць дапамогі галодным – крытэрый гуманізму


“Дэнатуралізацыя” і “дэбюракратызацыя”, – такія тэрміны прагучалі с вуснаў папы Францішка 13 чэрвеня 2016 г. у рымскай сядзібе Сусветнай харчовай праграмы ААН (WFP). Менавіта гэта павінна адбыцца ў падыходзе да галечы і голаду на сусветным узроўні, лічыць Пантыфік. У сваім выступленні на штогадовай сесіі Выканаўчага камітэта арганізацыі ён заклікаў міжнародную супольнасць прыняць усе неабходныя меры для дапамогі канкрэтным людзям, якія пакутуюць і паміраюць ад голаду. 

Папа адзначыў, што ў сённяшнім гіпер-камунікатыўным свеце геаграфічныя адлегласці скараціліся, але празмернасць інфармацыі паступова нараджае “натуральнасць” беднасці, неўспрымальнасць да трагедыі іншых. Але гэта толькі ілюзія, бо голад і галеча застаюцца. Таму, паводле Францішка, патрэбна “дэнатуралізацыя” беднасці, каб спыніць яе ўпрыманне як аднаго з шматлікіх дадзеных рэчаіснасці. Ён лічыць, што чума голаду дваццаць першага стагоддзя выклікана эгаістычным і дрэнным размеркаваннем рэсурсаў. “З пладоў зямлі, якія з’яўляюцца дарам для чалавецтва, мы зрабілі тавары, даступныя для нямногіх, ствараючы такім чынам выключэнне”, - сказаў Папа і падкрэсліў, што марнаванне ежы, гэта крадзеж са стала бедных і галодных.

Гаворачы аб “дэбюракратызацыі” голаду, Францішак заўважыў, што сёння ў якасці прычыны немагчымасці забяспечыць людзей ежай называюцца ваенныя канфлікты, якія трываюць у многіх частках свету. Але тут існуе парадокс: чаму, калі дыстрыбуцыя ежы ў гэтых рэгіёнах немагчыма, зброя, “незалежна ад таго, адкуль прыходзіць, кружыцца з пагардлівай і амаль абсалютнай свабодай у многіх частках свету”, заўважыў Папа. Ён дадаў, што голад у наш час часта становіцца прыладай вайны, а людзі, якія паміраюць ад знясілення, далучаюцца да тых, хто гіне на поле бою, і да многіх грамадзянскіх асоб, якія гінуць у ходзе баявых дзеянняў і бамбаванняў. І тут патрэбна “дэбюракратызацыя” таго, што перашкаджае, каб планы гуманітарнай дапамогі дасягнулі сваіх мэтаў.

Святы Айцец падкрэсліў, што Сусветная харчовая праграма з’яўляецца добрым прыкладам таго, як можна працаваць ва ўсім свеце, каб выкараніць голад шляхам паляпшэння падзелу чалавечых і матэрыяльных рэсурсаў і ўмацавання мясцовых супольнасцяў. “Не паддавайцеся стомленасці, не дазваляйце цяжкасцям прывясці вас да бяздзейнасці. Верце ў тое, што вы робіце, і далей укладайце ў гэта свой энтузіязм, бо гэта шлях, на якім насенне шчодрасці можа прарасці з моцай”, - заклікаў Францішак супрацоўнікаў міжнароднай арганізацыі.

Папа запэўніў, што Каталіцкі Касцёл, захоўваючы вернасць сваёй місіі, хоча супрацоўнічаць з усімі ініцыятывамі, якія вядуць барацьбу за годнасць асоб і ставяць за прыярытэт сваёй прыцы крытэрый: “ніякага голаду” ў свеце. Ён нагадаў, што незалежна ад вызнаванай веры і перакананняў, здольнасцю да дапамогі галодным мы можам вымяраць пульс нашага гуманізму.








All the contents on this site are copyrighted ©.