2016-06-13 13:45:00

Папа сустрэўся з калектывам Сусветнай харчовай праграмы


Важна, каб не дакументацыя была на першым месцы, а чалавек з гісторыяй яго жыцця, балючай і далікатнай, сказаў Францішак 13 чэрвеня 2016 г. падчас сустрэчы з калектывам Сусветнай харчовай праграмы ААН у рымскай сядзібе арганізацыі. 

“Сакрэт заключаецца ў тым, каб за кожным з дасье бачыць твар чалавека, які просіць аб дапамозе”, - напісана ў прамове Пантыфіка, уручанай супрацоўнікам Праграмы. На яго думку, толькі пачуўшы крык бедных, можна вызваліцца ад халодных бюракратычных форм, якіх занадта мала, каб “пераадолець такую страшную з’яву, як голад”, які “з’яўляецца адной з самых вялікіх пагроз для міру і мірнага суіснавання паміж людзьмі”. Кожны, у рамках сваёй адказнасці, павінен прыкласці ўсе намаганні, каб свет дасягнуў канчатковага вырашэння пытання галечы.

Чалавечае, сацыяльнае, тэхнічнае і эканамічнае развіццё з’яўляецца неабходным шляхам, каб чалавек мог справіцца са сваімі патрэбамі, але ўсё гэта не можа адбывацца ў імя нейкай абстрактнай ідэі або тэарэтычнай абароны годнасці. Галоўная мэта развіцця – “абарона канкрэтнага жыцця кожнага чалавека”, - падкрэсліў Святы Айцец. Ён дадаў, што бедныя раёны трэба забяспечыць не толькі харчаваннем, але і гарантаваць доступ да рэсурсаў і тэхнічных сродкаў, працоўных месцаў, мікракрэдытаў, тым самым даючы магчымасць умацавання патэнцыялу рэагавання на крызісныя сітуацыі.

Гэта, паводле Пантыфіка, у першую чаргу маральнае абавязацельства для ўсёй Праграмы. Паколькі тое, што яна развівае, патрабуе вялікай маральнай сілы, як і ўсё, што спрыяе ўмацаванню агульнага дабра ў свеце.

“Перад абліччам шматлікіх выклікаў, перад абліччам пагроз і праблем, якія пастаянна ўзнікаюць, у нас складаецца ўражанне, што будучыня чалавецтва будзе палягаць выключна на рэагаванні на спробы і пагрозы ўсё больш і больш з сабой узаемазлучаныя і цяжка прадказальныя, як з пункту гледжання маштабу, так і складанасці. (...) Але гэта не павінна знеахвочваць вас”, - напісаў Папа. Ён заклікаў калектыў Сусветнай харчовай праграмы падтрымліваць адзін аднаго, каб не дапусціць пранікнення ў сэрца спакусы недаверу і абыякавасці. Менавіта такі падыход, на яго думку, дапаможа надаць свету чалавечае аблічча, зрабіць яго прасторай, дзе асноўнай рэальнасцю з’яўляюцца спачуванне, салідарнасць, узаемадапамога і самаадданасць.








All the contents on this site are copyrighted ©.