2016-06-14 12:10:00

Святы Айцец: малітва за ворагаў – шлях дасканаласці


Малітва за ворагаў робіць іх лепшымі і дапамагае нам самім усё больш станавіцца “сынамі Айца”, сказаў папа Францішак 14 чэрвеня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік пракаментаваў евангельскі ўрывак у якім Езус заклікае сваіх вучняў быць дасканалымі, як Айцец Нябесны, “які загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі” (Мц 5, 43-48). 

Папа нагадаў што існуе два несумяшчальныя спосабы разумення Божага слова: у якасці сухога спісу абавязкаў і забаронаў або запрашэння любіць Айца і братоў і маліцца за ўласных ворагаў. 

Па словах Святога Айца, калі Езус пачаў сваё прапаведванне “тагачаснае тлумачэнне Закону было ў крызісе”. Яно “было вельмі тэарытычным і казуістычным”. “Можам сказаць, што гэта быў Закон у якім не было самаго сэрца Закону – Божай любові, дадзенай нам. Таму Пан паўтарае тое, што было ў Старым Запавеце: якая самая галоўная запаведзь? Любіць Бога ўсім сэрцам, усімі сіламі, усёй душою, а бліжняга, як сябе самога. У тлумачэнні настаўнікаў Закону – гэтага не было ў цэнтры. У цэнтры былі выпадкі: ці можна рабіць гэта? Да якой мяжы можна рабіць тое? А калі нельга? Менавіта казуістыста Закона”, - сказаў Папа. 

Францішак падкрэсліў, што Езус на шматлікіх прыкладах імкнуўся патлумачыць сапраўдны сэнс Закону, які заключаецца ў закліку да любові. Пашырэнне любові ў жыцці – гэта не толькі выкананне Закону, але і шлях аздараўлення сэрца і прыпадабнення да дасканаласці Бога, лічыць ён.

Паводле Папы, дасканаласць, да якой заклікае Езус, апісваецца ў словах: “Вы чулі, што сказана: Любі бліжняга свайго і ненавідзь ворага свайго. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах.” Апошні “прыступак” на гэтым шляху – самы складаны, дадаў Пантыфік і заклікаў прасіць Бога аб здольнасці маліцца за ворагаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.