2016-06-21 12:03:00

Кардынал Паралін пра важнасць рэлігій для міру ва Украіне


Завяршыўся візіт кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна ва Украіну. Ён працягваўся з 15 па 20 чэрвеня 2016 г. і меў насычаную праграму ва ўсходняй, цэнтральнай і заходняй частках краіны: бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца сустрэўся з бежанцамі, беднымі, духавенствам абодвух каталіцкіх абрадаў, палітыкамі і дыпламатамі.

У апошні дзень свайго візіту кардынал Паралін звярнуўся ў Кіеве да членаў Усеўкраінскай рады Цэркваў і рэлігійных арганізацый. Рэлігіі, па словах кіраўніка ватыканскай дыпламатыі, граюць важную ролю ва ўстанаўленні міру, асабліва ва Украіне, змучанай вайной.

Пурпурат адзначыў, што “у гэты момант небывалых складанасцяў, якія абцяжарвае ярмо інстытуцыянальнага, эканамічнага і маральнага крызісу, што выклікае пашырэнне пакутаў”, рэлігійныя супольнасці пакліканы да “беспрэцэндэнтнай адказнасці”.

“Ні палітыка, ні багацці, ні ўзаемныя спрэчкі не робяць з вас пераканаўчых вучняў Творцы; гэта робіць дух служэння і паслядоўнасці, які паходзіць ад адсутнасці схаваных матываў, што не з’яўляюцца дабром іншых людзей”, - сказаў ён. 

Ватыканскі дыпламат перакананы, што рэлігійныя супольнасці ва Украіне павінны быць паяднаннымі, каб дапамагчы краіне выйсці з сітуацыі ў якой яна апынулася. Яны пакліканы падтрымаць моладзь у яе шчодрых памкненнях, празе справядлівасці, барацьбе з карупцыяй, злоўжываннямі ўладай і адсутнасцю магчымасцяў. Кардынал Паралін заклікаў прадстаўнікоў Цэркваў ва Украіне адкінуць схемы мінулага і даўнія “супрацьстаянні” і разам спрыяць міру і дабру людзей. 








All the contents on this site are copyrighted ©.