2016-06-21 14:51:00

Пантыфік: смяротнае пакаранне – супраць задумы Бога


“Смяротнае пакаранне недапушчальна, якім бы цяжкім ні было злачынства асуджанага”, - падкрэсліў папа Францішак у відэапасланні, якое адрасаваў удзельнікам VI Міжнароднага кангрэсу супраць смяртнага пакарання. Сустрэча адбываецца 21-23 чэрвеня 2016 г. у Осла.

Найвышэйшую меру пакарання Святы Айцец назваў “парушэннем недатыкальнасці жыцця і чалавечай годнасці” і падкрэсліў, што смяротны прысуд “супярэчыць Божай задуме адносна чалавека і грамадства, Яго міласэрнай справядлівасці”. Пантыфік заўважыў, што пакаранне смерцю не аднаўляе парушаны парадак, але ўяўляе сабой помсту. “Запаведзь “Не забівай” мае абсалютную каштоўнасць і прымяняецца аднолькава як да невінаватага, так і да злачынцы”, - нагадаў Францішак.

Святы Айцец выказаў спадзяванне, што Юбілейны Год Міласэрнасці, які перажывае паўсюдны Касцёл, стане добрай нагодай для выхавання большай павагі да годнасці чалавечага жыцця. “Сёння я буду натхняць усіх працаваць не толькі ў накірунку адмены смяротнага пакарання, але і паляпшэння турэмных умоў, каб яны забяспечвалі паважлівае стаўленне да чалавечай годнасці зняволеных”, - дадаў Пантыфік.

Папа выказаў перакананне, што правасуддзе мае на мэце рэабілітацыю злачынцы. Яно павінна спрыяць таму, каб у будучым асуджаны мог быць нанова ўключыцца ў грамадства. “Пакаранне дзеля пакарання, якое не пакідае надзеі, ўяўляе сабой адну з форм катавання”, - заключыў Святы Айцец.

VI Міжнародны кангрэс супраць смяртнага пакарання арганізаваны няўрадавымі арганізацыямі “Разам супраць смяротнага пакарання” і “Сусветная кааліцыя супраць смяротнага пакарання” пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Нарвегіі. У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі каля 140 арганізацый з усяго свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.