2016-06-25 11:23:00

Святы Айцец скіраваў ліст да свайго пасланніка ў Беларусь


25 чэрвеня 2016 г. быў апублікаваны папскі ліст да легата на ўрачыстасці 25-годдзя занавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі, якія пройдуць у Нацыянальным марыйным санктуарыі. Раней Францішак прызначыў кардынала Крыстафа Шонборна, арцыбіскупа Венскага, сваім пасланнікам на святкаванні, якія пройдуць у Будславе 1 і 2 ліпеня 2016 г.

На самым пачатку свайго ліста, апублікаванага на лацінскай мове, Францішак спасылаецца на рашэнне свайго папярэдніка Яна Паўла ІІ, аднавіць у 1991 г. структуры Каталіцкага Касцёла “для забеспячэння духоўных патрэб вернікаў рэгіёна”. Сам юбілей Пантыфік называе “духоўным падарожжам”, якое варта перажыць у кантэксце Юбілею Міласэрнасці. Тым больш, што на працягу 25-ці гадоў было зроблена шмат, не толькі ў Касцёле, але і ва ўсёй краіне “для таго, каб ўсе маглі славіць Божую веліч”.

Францішак піша, што абраў кардынала Шонборна сваім пасланнікам у Беларусь не выпадкова, іерарх шмат дапамагае мясцоваму Касцёлу.

Папа нагадаў пра “жудасныя моманты”, якія перажылі хрысціяне ў Беларусі падчас камуністычнага рэжыму, і падкрэсліў, што “гэта прычынілася да ўмацавання іх веры”. Ён узгадаў кардынала Казіміра Свёнтка, “першага арцыбіскупа мітрапалітальнай сталіцы”, і назваў яго “нязломным абаронцам веры, які пад пагрозай смерці абвяшчаў Хрыста і вёў вернікаў шляхам Евангелля”.

Францішак пажадаў, каб усе католікі Беларусі, узгадваючы старонкі гісторыі мітраполіі, “захоўвалі Божыя запаведзі ў штодзённым жыцці і паказвалі прыгажосць паклікання асабістым прыкладам і словам”.

Таксама 25 чэрвеня 2016 г. быў апублікаваны склад Папскай місіі, у якую ўвайшлі два святары: кс. Аляксандр Барыла, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, і кс. Віктар Гайдукевіч, інспектаральны дэлегат Салезіянскай дэлегатуры ў Беларусі. Яны будуць суправаджаць папскага пасланніка падчас яго візіту ў краіну.








All the contents on this site are copyrighted ©.