2016-06-26 11:44:00

Святы Айцец: пойдзем за Божым заклікам да поўнага адзінства


Кульмінацыйным пунктам Апостальскага падарожжа папы Францішка ў Арменію 26 чэрвеня 2016 г. быў яго ўдзел у Боскай літургіі, якую цэлебраваў перад катэдральным саборам Армянскай Апостальскай Царквы ў Эчміядзіне, Каталікос усіх армян Гарэгіна ІІ. У ёй прыняло ўдзел каля 20 тыс. вернікаў.

Пад канец Літургіі са словам да прысутных звярнуўся Пантыфік. На пачатку Папа падзякаваў кіраўніку Армянскай Апостальскай Царквы, за незвычайны жэст гасціннасі да яго. “Мы сустрэліся, абняліся як браты і разам маліліся і падзяліліся дарамі, надзеяй і клопатамі Хрыстовага Касцёла, біццё сэрца якога мы згодна адчуваем і ў якога мы верым і які для нас ёсць адзіным”, - сказаў Святы Айцец.

“Няхай Армянская Царква жыве ў міры, а адзінства паміж намі станецца поўным. Няхай ва ўсіх узнікне моцнае імкненне да адзінства, адзінства, якое “не азначае ні падпарадкавання аднаго Касцёла другому, ці таксама паглыненне яго, але хутчэй за ўсё прыняцце ўсіх дараў, якія Бог даў кожнаму, каб паказаць усяму свету вялікую таямніцу збаўлення, якую здзейсніў Хрыстус за пасрэдніцтвам Святога Духа”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак заклікаў прыслухоўвацца голасу святых, шматлікіх ахвяраў нянавісці, якія пакутавалі і аддалі сваё жыццё за веру. Схілім вуха да маладога пакалення, якое хоча будаваць сваю будучыню свабоднай ад падзелаў мінулага перыяду. “Няхай з гэтага святога месца распаўсюджваецца прамяністае святло веры, якая з часоў святога Грыгорыя, вашага айца паводле Евангелля, асвятляла гэтыя землі, няхай аб’яднаецца са святлом любові, якая прабачае і яднае”, - сказаў Папа. Францішак заклікаў крочыць за Божым заклікам да поўнага адзінства і прыспешыць нашы крокі да яго.

На заканчэнне Пантыфік папрасіў Каталікоса ўсіх армян Гарэгіна ІІ удзяліць благаслаўленне яму, Каталіцкаму Касцёлу і іх супольнаму імкненню да поўнага адзінства. 

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.