2016-06-27 13:51:00

Вернікі ідуць на сустрэчу з Маці Божай Будслаўскай


27 чэрвеня 2016 г. да пілігрымкавага руху беларускіх вернікаў, якія ў гэтыя дні накіроўваюцца на марыйныя ўрачыстасці ў Нацыянальны санктуарый у Будславе, далучыліся католікі з Мінска – адна з самых шматлікіх груп. Са сталіцы выйшлі каля 250 чалавек. Іх шлях малітваў і разважанняў будзе доўжыцца пяць дзён.

Сярод пілігрымаў – вернікі розных узростаў і сацыяльных статусаў, аб’яднаныя жаданнем сведчыць аб сваёй веры і ахвяраваць гэты шлях малітве за сябе і сваіх блізкіх, праслаўленню Маці Божай Будслаўскай, апякункі Беларусі. Ірына Лямбовіч, напрыклад, наўмысна бярэ адпачынак на працы менавіта на час пілігрымкі. “Я іду ў шосты раз. Гэта заўсёды цікавае падарожжа. Дзякую Пану Богу! Іду дзякаваць за ласкі, з просьбамі і малітвамі аб здароўі для родных”, - прызналася жанчына.

Мінчанка Ірэна Рубінава пераадолела малітоўны шлях да Будслава ўжо 11 раз і кажа, што падарожжа з’яўляецца для яе самай доўгачаканай падзеяй напрацягу года: “Чаму, адразу і не скажаш. Але пасля першай пілігрымкі я зразумела, што больш без яе не здолею. Гэта найпрасцейшы і найшчаслівейшы шлях да Бога. І калі прыходзіш – атрымліваеш цуд, маленькі ці вялікі!”

Пробашч мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля, кс. Алег Шпець пажадаў пілігрымам добрага надвор’я звонку і ў душы. “Кожная пілігрымка – гэта шуканне Бога і сябе. У жыцці патрэбны моманты затрымання, каб падумаць, для чаго мы жывём. Гэта наш рэлігійны акт, мы сведчым веру, дзелімся і распавядаем пра яе. Бярэм інтэнцыі іншых і молімся ў іх”, - сказаў святар.  

Будслаўскі санктуарый штогод збірае ў сваіх сценах тысячы вернікаў з усёй Беларусі. Сюды накіроўваюцца пешыя і роварныя пілігрымкі, вернікі прыязджаюць на аўтобусах і ўласных аўтамабілях з розных куткоў Беларусі і нават з-за мяжы. У гэтым годзе ўпершыню малітоўны шлях да Маці Божай Будслаўскай здзейсніць пешая пілігрымка беларускіх каталіцкіх скаўтаў.

Сёлетнія ўрачыстасці пройдуць на тэму “Надзея ў Божай міласэрнасці” і будуць прысвечаны 25-годдзю заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Двухдзённыя ўрачыстасці распачнуцца ўвечары 1 ліпеня евангелізацыйнай праграмай і cв. Імшой. Пасля адбудуцца Акафіст і марыйныя Нешпары, музычная пастаноўка на Год Міласэрнасці, а таксама працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай і св. Імша апоўначы. Цэнтральнай падзеяй стане галоўная Літургія 2 ліпеня ў 11.00 з удзелам папскага легата – аўстрыйскага кардынала Крыстафа Шонборна.

Будслаўскія ўрачыстасці ўжо даўно набылі статус галоўнага рэлігійнага свята Беларусі. Культ Маці Божай Будслаўскай шырока распаўсюдзіўся па ўсёй краіне. Вернікі нездарма называюць яе Апякункай Беларусі і прапануюць унесці ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.








All the contents on this site are copyrighted ©.