2016-06-30 13:54:00

Папская рада рыхтуе дабрачынцаў для дапамогі Сірыі


Фармацыйныя курсы для прадстаўнікоў дыяцэзій Сірыі, якія працуюць у сферы дабрачыннасці, адбываюцца з 29 чэрвеня па 2 ліпеня 2016 г. недалёка ад Бейрута, у Ліване. Праграму арганізавала Папская рада “Cor Unum” – ватыканская дыкастэрыя, якая каардынуе гуманітарную дзейнасць Святога Пасаду.

Ідэя ўзнікла падчас сустрэчы, прысвечанай гуманітарнаму крызісу ў Сірыі, Іраку і сумежных з імі краінах, якую 17 верасня 2015 г. арганізавала Папская рада “Cor Unum”. Фармацыйныя курсы ватыканская дыкастэрыя распрацавала сумесна з трыма каталіцкімі дабрачыннымі арганізацыямі – амерыканскай “Catholic Relief Service”, нямецкай “Missio”, а таксама Папскім фондам “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”.

Удзельнікамі праекту з’яўляюцца 11 біскупаў, прадстаўнікі мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў, а таксама вернікі з розных дыяцэзій Сірыі, занятыя ў гуманітарных місіях краіны. Папскую раду “Cor Unum” прадстаўляе яе сакратар арцыбіскуп Джанп’етра Даль Тоза. Удзел у працы фармацыйных курсаў прымае таксама Апостальскі нунцый у Сірыі, арцыбіскуп Марыа Дзэнары.

Чатырохдзённая праграма прадугледжвае, акрамя тэалагічнай падрыхтоўкі, асобныя тэматычныя сустрэчы. Запланаваны пасяджэнні для тэхнічнага персаналу дыяцэзій, накіраваныя на аналіз метадаў ажыццяўлення гуманітарных праектаў. 1 і 2 ліпеня будуць у большай ступені прысвечаны самаразвіццю і авалоданню кіраўнічымі здольнасцямі (“capacity building”, “project management”), дэтальнаму вывучэнню асобных этапаў праектавання.

Гуманітарны крызіс, выкліканы ваеннымі дзеяннямі ў Сірыі, Іраку і сумежных з імі тэрыяторыях, застаецца ў цэнтры ўвагі Святога Пасаду і міжнароднай грамадскасці. Згодна з існуючымі дадзенымі, за перыяд з 2011 г. да сённяшняга дня ахвярамі ўзброенага канфлікту ў Сірыі сталі каля 400 тыс. чалавек, яшчэ 2 млн. атрымалі раненні. Больш за 12 млн. сірыйцаў і звыш за 8 млн. жыхароў Ірака патрабуюць дапамогі. Вымушанымі перасяленцамі сталі каля 6 млн. чалавек у Сірыі і больш за 3 млн. у Іраку. Яшчэ каля 4 млн. сірыйскіх бежанцаў налічваецца на тэрыторыі Блізкага Усходу, асабліва ў Турцыі, Ліване і Іарданіі.

З “Аналізу гуманітарнай дапамогі эклезіяльных арганізацый у рамках сірыйскага і іракскага крызісу за 2014-2015 гг.”, падрыхтаванага Папскай радай “Cor Unum”, вынікае, што ў 2015 г. каталіцкія арганізацыі накіравалі ў гэты сектар больш за 150 млн. долараў. Дапамогу атрымалі каля 5 млн. устаноў, галоўным чынам, у сферы адукацыі, забеспячэння прадуктамі харчавання і неабходным абсталяваннем, аховы здароўя, паляпшэння жыллёвых умоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.