2016-07-03 14:01:00

Ватыканскі дыпламат аб рэформе Еўрапейскага Саюза


Шок, які спрычыніла выйсце Вялікабрытаніі з Еўрапейскага Саюза, павінен прывесці да рэформы яго структур і дакладнага вызначэння мэты, лічыць сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі. Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер у інтэрв'ю для прэсавага агенцтва “AFP” закрануў таксама праблему функцыянавання Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і пытанне карупцыі ў Афрыцы.

Аб адносінах Святога Пасаду і Папы да рэферэндуму у Вялікабрытаніі кіраўнік ватыканскай дыпламатыі адказаў, што Апостальская Сталіца цалкам паважае рашэнне насельніцтва гэтай краіны. Ён, аднак, нагадаў, што з самага пачатку Ватыкан падтрымілівае агульны еўрапейскі праект.

“Мы спадзяемся, што агульныя мэты еўрапейскага праекту могуць быць абаронены, захаваны і нават узмоцнены. Папа Францішак лічыць, што Еўропа мае патрэбу ў радыкальнай рэформе, а таксама ў пацвярджэнні яе традыцыйных каштоўнасцяў і мэтаў. Гаворка ідзе таксама аб заахвочванні еўрапейскіх лідэраў, каб больш уважна слухалі адзін аднаго, каб боязі іх народаў ў большай ступені знаходзі сваё адлюстраванне ў рашэннях на агульным узроўні”, - сказаў арцыбіскуп Галахер.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы нагадаў, што Святы Айцец хоча, каб дыпламатыя ў цэнтр сваіх намаганняў заўсёды ставіла чалавека, намагаючыся дайсці да простых людзей. Папа імкнецца заахвоціць да добрых ініцыятыў, якія дапамогуць людзям дасягнуць рэальнага прагрэсу, не толькі матэрыяльнага, але і духоўнага.

Арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што Апостальская Сталіца хоча, каб афрыканскімі краінамі кіравалі добрыя ўрады. Ён заўважыў, што карупцыя часта мае сувязь з дзейнасцю знешніх фактараў. “Там, дзе існуе большая вернасць канстытуцыйным прынцыпам, будучыня ўяўляецца больш перспектыўнай. Гэта не абавязкова азначае большы дабрабыт, але дае патэнцыял для стварэння здаровага грамадства” - сказаў арцыбіскуп Галахер.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.