2016-07-09 11:27:00

Пантыфік: Радзіма – гэта Маці, якую трэба любіць


Радзіма – гэта Маці, якую трэба любіць, і на гэтым палягае патрыятычнае пачуццё, напісаў Францішак ў пасланні на 200-ю гадавіну незалежнасці Аргентыны. У дакуменце, накіраваным старшыні епіскапату краіны ён цёпла прывітаў сваіх братоў у біскупстве, дзяржаўныя ўлады і ўвесь народ сваёй Радзімы.

“Асабліва хачу быць блізка да тых, хто пакутуе: хворых, бедных, зняволеных, самотных, беспрацоўных і патрабуючых, тых, хто з’яўляецца або быў ахвярай гандлю людзьмі і эксплуатацыі, непаўналетніх ахвяр жорсткага абыходжання і шматлікіх маладых людзей, збітых бічом наркаманіі”, - гаворыцца ў пасланні Святога Айца. Ён падкрэсліў, што ўсе яны з’яўляюцца найбольш пакрыўджанымі дзецьмі Айчыны.

Святкаванне двухсотгоддзя – гэта запрашэнне працягваць ісці шляхам братэрства і ўзаемаразумення, углядаючыся наперад, лічыць Пантыфік. “Для дасягнення гэтай мэты, я думаю асабліва пра пажылых людзей і пра моладзь”, - напісаў ён. Першых, як “памяць” гісторыі, ён папрасіў не баяцца ўзвысіцца над “культурай адчужэння”, якую навязваюць ва ўсім свеце, і мець смеласць марыць. “Нам патрэбныя вашы мары, крыніца натхнення”, - запэўніў Папа.

Маладых людзей Святы Айцец папрасіў, каб яны не задавальняліся існаваннем у “бюракратычным спакоі, у які штурхаюць шматлікія прапановы без мараў і гераізму”. “Толькі тады, калі нашы старыя будуць мець адвагу марыць, а наша моладзь, прапаведаваць па-прарочы вялікія справы, Айчына атрымае магчымасць быць свабоднай. Нам патрэбныя бабулі і дзядулі, якія мараць, якія стымулююць маладых людзей, каб яны, натхнёныя тымі ж марамі, рушылі наперад у творчым духу прароцтва”, - напісаў Францішак і папрасіў Бога благаславіць яго Радзіму.
 
Урачыстасці 200-годдзя Аргентыны пачаліся 25 мая 2010 г. і працягваюцца па сённяшні дзень. У гэты перыяд краіна адсвяткавала 200 гадоў існавання (25 мая 1810 г.), і абвяшчэння незалежнасці ў 1816 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.