2016-07-12 12:30:00

У Касцёле не плануецца ўвядзенне новых літургічных нормаў


Прапанова, якую агучыў кардынал Рабер Сара, адносна неабходнасці вяртання да цэлебрацыі св. Імшы “ad orientem”, калі святар звернуты тварам на ўсход, агучаная пурпуратам 5 ліпеня 2016 г. на канферэнцыі “Sacra Liturgia” у Лондане, многімі была вытлумачана няправільна, заўважыў выконваючы абавязкі кіраўніка Залы Друку Святога Пасаду. Кс. Фэдэрыка Ламбардзі палічыў неабходным пракаментаваць пазіцыю прэфекта Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.

Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду падкрэсліў, што “кардынал Сара заўсёды апраўдана клапоціцца аб годнай цэлебрацыі літургіі, з адпаведнай павагай і пашанай перад таямніцай Эўхарыстыі”. Тым не менш, яго рэкамендацыя адносна вяртання да св. Імшы “ad orientem” была ўспрынята як спроба змяніць існуючыя літургічныя нормы.

Кс. Ламбардзі спаслаўся на артыкул 299 “Агульных ўводзінаў для Рымскага Імшала”, у якім сцвярджаецца: “Алтар робіцца аддзеленым ад сцяны, каб можна было зручна абыходзіць вакол яго і цэлебрацыю на ім можна было здзяйсняць, павярнуўшыся да народа, што пажадана рабіць паўсюль, дзе гэта магчыма. Алтар павінен займаць такое месца, каб ён сапраўды з’яўляўся цэнтрам, да якога сама сабою скіроўваецца ўвага ўсёй супольнасці вернікаў”.

Таксама і папа Францішак падчас наведвання рэзідэнцыі Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў нагадваў, што “звычайнай” формай цэлебрацыі св. Імшы з’яўляецца тая, якая ўтрымліваецца ў Імшале, уведзеным папам Паўлам VI. Яе не павінна вымяшчаць “надзвычайная” форма, дазволеная папам Бэнэдыктам XVI у асобных выпадках, якія тлумачацца ў дакуменце “Summorum Pontificum”.

Такім чынам, “з распачаццем Адвэнту не прадугледжана ўвядзенне новых літургічных нормаў”, падсумаваў кс. Ламбардзі. На яго думку, лепш пазбягаць у дачыненні да літургіі выразу “рэформа рэформы”, які і выклікаў двухсэнсоўнасць.








All the contents on this site are copyrighted ©.