2016-07-16 13:34:00

Апостальскі нунцый у Беларусі атрымаў біскупскую сакру


15 ліпеня 2016 г. у катэдральным касцёле горада Вац у Венгрыі мансеньёр Габар Пінтэр, новапрызначаны Апостальскі нунцый у Беларусі, атрымаў біскупскую сакру з рук кардынала Пьетра Параліна.

Сваю гамілію Дзяржсакратар Яго Святасці Папы распачаў са звароту да Духа Святога - “галоўнага ўдзельніка падзеі”. Менавіта Ён “асвячае біскупа, каб быў сапраўдным Пастырам для статка, на вобраз Добрага Пастыра, які шукаў згубленую авечку, браў яе на Свае плечы і вяртаў у аўчарню”. Гэтая авечка сімвалізуе чалавецтва, патлумачыў кардынал Паралін. “Змучанае і разгубленае, яно, свядома ці не, шукае Хрыста, бо ў сэрцы кожнага чалавека, пад покрывам яго абмежаванняў і памылак, ёсць прага шчасця і жыцця вечнага, якую толькі Уваскрослы Пан можа наталіць”, - запэўніў ён.

Гаворачы аб біскупскай паслузе, бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца падкрэсліў, што ўлада ў Каталіцкім Касцёле грунтуецца на любові. “Неабходна глыбокая любоў да Хрыста, да аўчарні і авечак, асабліва хворых, бедных і тых, якія аддаліліся”, - перакананы бліжэйшы супрацоўнік Папы. Толькі Езус дае прыклад годнага выкарыстання ўлады ў Касцёле, навучае біскупа паступаць адначасова пакорліва і цвёрда, аўтарытэтна і добразычліва, далікатна і адказна.

Каб падкрэсліць важнасць новай місіі, ускладзенай на мансеньёра Пінтэра, – служэння ў якасці прадстаўніка Апостальскай Сталіцы ў Беларусі, кардынал Паралін прывёў словы папы Францішка, які аднойчы сказаў, што праца Нунцыя “больш, чым важная, – гэта праца па стварэнні Касцёла, яго будаўніцтву”.

У Беларусі, звярнуўся кардынал Паралін да мансеньёра Пінтэра, “сустрэнеш жывую і руплівую каталіцкую супольнасць, якая з радасцю сведчыць сваю адданасць веры. Атрымаеш магчымасць спрыяць будаванню братэрскіх адносін  з праваслаўнай супольнасцю, робячы больш плённым экуменічны працэс. Твая прысутнасць і разважлівая дзейнасць стануць важным стымулам для большай адкрытасці Беларусі да іншых краін, а свету да Беларусі”.

На завяршэнне кардынал Паралін узгадаў фрагмент з уступу пастырскай Канстытуцыі “Gaudium et spes”, які мансеньёр Пінтэр выбраў у якасці дэвізу свайго біскупскага служэння. Цытуючы дакумент, пурпурат заклікаў Апостальскага нунцыя у Беларусі несці кожнаму чалавеку радасць і надзею, якая нараджаецца з сустрэчы з Уваскрослым Панам, сведчыць, што Каталіцкі Касцёл “складаецца з людзей, з’яднаных у Хрысце, якія ў сваёй пілігрымцы накіроўваюцца Духам Святым да Валадарства Айца і якія прынялі навіну збаўлення, каб прадставіць яе ўсім” (“Gaudium et spes”, n. 1).

Свае віншаванні арцыбіскупу Пінтэру пераказалі таксама арцыбіскуп Будапешта, кардынал Пэтэр Эрдо, арцыбіскуп Вены, кардынал Крыстаф Шонборн, арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, шматлікія прадстаўнікі духавенства, дыпламатычнага корпуса і ўлады краіны, прысутныя на ўрачыстай літургіі.

Арцыбіскуп Габар Пінтэр нарадзіўся ў венгерскім Куншэнтмартон 9 сакавіка 1964 г. Атрымаў святарскае пасвячэнне 11 чэрвеня 1988 г. Пачаў службу ў ватыканскай дыпламатыі 1 ліпеня 1996 г. і працаваў у дыппрадстаўніцтвах Святога Пасаду на Гаіці, у Балівіі, Швецыі, Францыі, на Філіпінах і ў Аўстрыі. 13 мая 2016 г. папа Францішак прызначыў мансеньёра Пінтэра Апостальскім Нунцыем у Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.