2016-07-22 16:04:00

Ватыканскі праект па сексуальна-эмацыйным выхаванні моладзі


Папская рада па справах сям’і ў рамках Сусветных дзён моладзі ў Кракаве прэзентуе праект па сексуальна-эмацыйным выхаванні падлеткаў і моладзі. Курс распрацаваны сумесна з экспертамі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Іспаніі і мае на мэце спрыянне цэласнаму фарміраванню маладых людзей, гарманічнаму развіццю іх эмацыянальнасці і сексуальнасці.

Матэрыялы адукацыйна-выхаваўчага курса змешчаны ў інтэрнэце і даступны на пяці мовах – італьянскай, англійскай, іспанскай, французскай і партугальскай. Рэсурсы падзелены на шэсць тэматычных раздзелаў. Разважанні прысвечаны Боскай прыродзе чалавека, адэкватнаму ўспрыняццю сябе і іншых, разуменню сутнасці чалавечай свабоды і ўменню разважліва карыстацца гэтым дарам. Асобныя матэрыялы навучаюць маладых людзей здольнасці рабіць правільны выбар ў жыцці і ўсведамляць разбуральную моц граху, бачыць у маральным складніку чалавечай прыроды не цяжар, а дапамогу на шляху да будавання годнага жыцця. Нарэшце, праект расказвае пра любоў як пакліканне і скіроўвае маладых люзей да ўсведамлення доўгага і няпростага падарожжа, якое неабходна здзейсніць, каб яе распазнаць, здабыць і навучыцца жыць ёю.

Узбагачаюць змест курса шматлікія мультымедыйныя дадаткі, аб’яднаныя ў плэйліст, які можна знайсці на канале Youtube Папскай рады па справах сям’і. Падсакратар дыкастэрыі кс. Карлас Сімон Васкес адзначыў, што гэты праект адпавядае ідэі, выказанай папам Францішкам у дакуменце аб сужэнстве і сям’і “Amoris  Laetitia”. Згодна з ёй, сексуальнае выхаванне павінна быць уключана ў больш складаную сістэму выхавання любові і ўзаемнаму дарэнню. Святар дадаў, што гэты курс працягне развівацца і ў далейшым будзе ўзбагачацца вопытам тых, хто скарыстаўся з магчымасці яго наведаць.








All the contents on this site are copyrighted ©.