2016-07-23 13:33:00

Святы Айцец у Польшчы з пасланнем надзеі і мужнасці


Перад абліччам выклікаў і пагроз, якія стаяць перад Еўропай Папа можа абвясціць у Кракаве пасланне надзеі і мужнасці, такое меркаванне выказаў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін у інтэрв’ю газеце “L’Osservatore Romano”. На наступным тыдні, Францішак адправіцца ў Польшчу ў сувязі з Сусветнымі днямі моладзі.

На думку бліжэйшага супрацоўніка Святога Айца, ён можа яшчэ раз паўтарыць заклік, які агучыў ужо ў Еўрапейскім парламенце і з нагоды атрымання прэміі Карла Вялікага. Ён змяшчаецца ў двух словах: надзея і мужнасць. Іерарх растлумачыў, што надзея датычыць будучыні нашага кантынента і ўсіх праблем, якія ўзнікаюць у будаўніцтве Еўропы. Пасланне мужнасці – гэта заклік нанова адкрыць для сябе сапраўдныя хрысціянскія карані нашай часткі свету, што дазволіць Еўропе стаць тым, чым яна ёсць.

Іерарх адзначыў, што Папа ў сваіх выступах асабліва падкрэсліваў дух гуманізма, які заўсёды быў характэрны для Еўропы, а таксама смеласць, якая з’яўляецца здольнасцю прапаведаваць Евангелле ў зменлівых умовах жыцця, перад абліччам вялікіх праблем, як духоўнага, так і матэрыяльнага характару.

Кажучы пра Сусветныя дні моладзі, кардынал Паралін падкрэсліў, што Францішак уваходзіць на шлях, які пачаў Ян Павел II, а затым працягнуў Бэнэдыкт XVI. “Гэта шлях, які мае сваю карту – Евангелле і вучэнне Касцёла – дзе ежай з’яўляецца Эўхарыстыя”, - сказаў іерарх.

Кардынал нагадаў, што ў красавіку меў гонар быць пасланнікам Святога Айца на святкаванні 1050-годдзя Хросту Польшчы і быў уражаны сілай Касцёла ў краіне, сувяззю і адзінствам вернікаў з іх пастырамі, шматлікімі святарскімі і манаскімі пакліканнямі.

Наведзіны Папам мемарыяла “Аўшвіц” і дзіцячай бальніцы будуць мець асаблівае значэнне. Гэта месцы “жаху і болю”, сказаў кардынал. Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы адзначыў, што ў былым лагеры з вуснай Францішака не прыгучаць ніякія прамовы, а знаходжанне ў бальніцы стане знакам блізкасці Пантыфіка да пакут самых маленькіх, што асабліва балюча.








All the contents on this site are copyrighted ©.