2016-07-24 15:12:00

Папа: малітва – галоўны “працоўны інструмент” хрысціяніна


Найбольш важным “працоўным інструментам” назваў малітву папа Францішак 24 ліпеня 2016 г. падчас сваіх разважанняў перад “Анёл Панскі”. Папа патлумачыў важнасць малітвы “Ойча наш” і адзначыў, што настойлівая просьба да Бога служыць не Яго пераканню ў чымсьці, але ўмацаванню нашай веры і цярпення, нашай здольнасці разам з Богам змагацца  за рэчы сапраўды важныя.

“Евангелле гэтай нядзелі (Лк 11,1-13) пачынаецца са сцэны Езуса, Які моліцца ў адзіноце, у пэўным месцы, - нагадаў Папа. - І калі Ён скончыў, вучні папрасілі Яго: “Пане, навучы нас маліцца” (Лк 11,1). Ён адказаў: “Калі моліцеся, кажыце: Ойча...”(Лк 11, 2). Гэтае слова з’яўляецца таямніцай малітвы Езуса, ключом, які Ён дае нам, каб мы маглі ўвайсці ў гэтыя даверныя адносіны дыялогу з Айцом, якія суправаджалі і падтрымлівалі ўсё Яго жыццё”. “Ойча!”.

Са зваротам “Ойча” Езус спалучае дзве просьбы: “Няхай свяціцца імя Тваё,
няхай прыйдзе Валадарства Тваё” (Лк 11, 2). Малітва Езуса, а такім чынам і хрысціянская, гэта, перш за ўсё, прапанаванне месца для Бога, дазваляючы аб’явіцца Яго святасці ў нас і развіваць Яго Валадарства, пачынаючы ад магчымасці рэалізацыі валадарання Яго любові ў нашым жыцці.

У версіі св. Лукі тры іншыя просьбы дапаўняюць малітву “Ойча наш”. Яны выказваюць нашы асноўныя патрэбы: хлеб, прабачэнне і дапамогу ў пераадоленні спакусы (Лк 11, 3-4). Не можна жыць без хлеба, не можна жыць без прабачэння, не можна жыць без Божай дапамогі ў пераадоленні спакусы. Хлеб, аб якім Езус заклікае нас прасіць, гэта той неабходны, а не лішні. Гэта хлеб пілігрымаў, справядлівы, хлеб, якога не назапашваюць і не марнуюць, які не абцяжарвае ходу. 

Прабачэнне – гэта, перш за ўсё, тое, што мы самі атрымліваем ад Бога: толькі ўсведамленне быцця грэшнікамі, якія атрымалі прабачэнне праз бясконцую міласэрнасць Бога можа даць нам канкрэтныя акты братняга прымірэння. Калі хтосьці не адчувае сябе грэшнікам, які атрымаў прабачэнне, ніколі і ніколі не зможа зрабіць жэст прабачэння, прымірэння. Трэба пачаць з самой глыбіні сэрца, якое адчувае сябе прабачаным грэшнікам. Апошняя просьба: “не ўводзь нас у спакусу”, выказвае ўсведамленне нашага стану, пастаяннага знаходжання перад небяспекай зла і сапсутасці. Мы ўсе ведаем, што такой спакуса.

Вучэнне Езуса аб малітве працягваецца ў двух прыпавесцях, у якіх Ён паставіў у якасці прыкладу паводзіны аднаго сябра да іншага і бацькі да свайго дзіцяці (Лк 11, 5-6). Абедзве павінны навучыць нас поўнаму даверу да Бога, Які для нас – Айцец. Ён ведае лепш, чым мы самі, нашы патрэбы, але хоча, каб мы прадстаўлялі іх перад Ім смела і непрыстанна, таму што гэта наш спосаб удзелу ў Яго справе збаўлення. Малітва з’яўляецца тут першым і найбольш важным “працоўным інструментам”. Паслухайце ўважліва: малітва – гэта першы і найбольш важны “працоўны інструмент” у нашых руках! Настойлівае патрабаванне ад Бога служыць не перакананню Яго ў чымсьці, але ўмацаванню нашай веры і цярпення, гэта значыць, нашай здольнасці змагацца разам з Богам за рэчы сапраўды важныя і неабходныя. У малітве мы разам: Бог і я з усіх сіл змагаемся за важныя рэчы.

Сярод іх ёсць адна вялікая, найбольш важная з усіх, пра якія кажа Езус у сённяшнім Евангеллі, але аб якой мы амаль ніколі не просім, і гэта Святы Дух. Дайце мне Святога Духа. І Езус кажа: “Калі ж вы, будучы злымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто папросіць у Яго”. (Лк 11, 13).

Святы Дух... прасіць, каб Святы Дух прыйшоў у нас. Але чаму Святы Дух? Бо Ён служыць таму, каб жыць добра, жыць мудра і з любоўю, выконваючы Божую волю. Якая прыгожая малітва была б на гэтым тыдні, калі б кожны з нас маліўся да Айца: Ойча, дай мне Святога Духа! Марыя сведчыць аб гэтым сваім жыццём, цалкам анімаваным Божым Духам. Няхай яна дапаможа нам маліцца да Айца ў яднанні з Езусам, каб жыць не па-мірскі, але паводле Евангелля, кіруючыся Святым Духам”, - завяршыў разважанні Пантыфік.

На заканчэнне сваёй сустрэчы з вернікамі Францішак папрасіў іх не забывацца маліцца за яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.