2016-07-24 12:38:00

Францішак заклікаў да малітвы за Сусветныя дні моладзі


На парозе Сусветных дзён моладзі ў Кракаве Пантыфік запрасіў да малітвы за гэты моладзевы форум. 24 ліпеня 2016 г. падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” Францішак нагадаў, што “ў гэтыя дні многія маладыя людзі з усяго свету рухаюцца ў напрамку Кракава”, сталіцы Сусветных дзён. Ён адзначыў, што і сам праз некалькі дзён накіруецца туды, “каб сустрэцца з хлопцамі і дзяўчатамі, і святкаваць з імі і для іх Юбілей Міласэрнасці, праз заступніцтва Яна Паўла II”. 

“Я прашу вас суправаджаць нас малітвай. Ужо зараз вітаю і дзякую тым, хто працуе, прымаючы маладых пілігрымаў, з многімі біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі. Асаблівае прывітанне кірую да іх шматлікіх калег, якія не змогуць прысутнічаць асабіста, а будуць сачыць за падзеямі праз сродкі масавай інфармацыі. Мы ўсе будзем адзіныя ў малітве!”, - сказаў Пантыфік.

Сусветныя дні моладзі ў Кракаве распачнуцца 26 ліпеня 2016 г. інаўгурацыйнай св. Імшой. 27 ліпеня ў гістарычную сталіцу Польшчы прыбудзе папа Францішак, які апрача ўдзелу ў Сусветных днях, наведае санктуарый у Чэнстахове, мемарыял “Аўшвіц-Біркенаў”, Універсітэцкую дзіцячую бальніцу і санктуарый Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках. 31 ліпеня на палях “Campus Misericordiae” пад Кракавам ён узначаліць завяршальную св. Імшу моладзевага форуму, на якой агучыць краіну-гаспадара наступных Сусветных дзён моладзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.