2016-07-25 15:53:00

Францішак звярнуўся да маладых эколагаў


Будзьце “гатовыя адчуць прыкметы разбурэння і смерці, якія суправаджаюць шлях чалавецтва, і нагадаць установам аб тым, што эканамічная сістэма не павінна арыентавацца выключна на спажыванне прыродных і чалавечых рэсурсаў, але спрыяць поўнай рэалізацыі кожнай асобы і сапраўднаму развіццю”, - з такімі словамі звярнуўся папа Францішак да ўдзельнікаў кракаўскай экалагічнай канферэнцыі.

Форум пад назвай “Інтэгральная экалогія. Laudato Si. Моладзь –героі змен”, пачаўся ў гістарычнай сталіцы Польшчы 25 ліпеня 2016 г. На ім прысутнічаюць пілігрымы, якія прыбылі на Сусветныя дні моладзі, навукоўцы, духавенства і маладыя эколагі з усяго свету. Мерапрыемства з’яўляецца працягам канферэнцыі “Інтэгральнасць стварэння”, якая была арганізавана ў рамках папярэдніх Сусветных дзён у Рыа ў 2013 г.

Падчас сустрэчы маладыя людзі прадставяць свой досвед, звязаны з пытаннямі, узнятымі Папам у энцыкліцы “Laudato Si”. Канферэнцыя мае навуковы характар, але будзе дапоўнена сведчаннямі юнакоў і дзяўчат. Падчас яе будуць разгледжаны пытанні зменаў клімату, доступу да водных рэсурсаў, выкліку біяразнастайнасці, дэградацыі якасці жыцця і няроўнасці ў глабальным маштабе.

Сваё відэа-пасланне да ўдзельнікаў скіраваў прынц Манака Альберт II, які заклікаў моладзь прыняць меры па абароне клімату і ўзяць адказнасць за нашу планету.

Арганізатарамі канферэнцыі з’яўляюцца: Фонд Яна Паўла II для моладзі, Папская рада па справах свецкіх, Папская рада “Iustitia et Pax”, Папскі універсітэт Яна Паўла II.








All the contents on this site are copyrighted ©.