2016-07-27 14:19:00

Папа запрасіў маладых няпоўнаспраўных у Кракаў


Па асабістым запрашэнні Папы, на Сусветныя дні моладзі ў Кракаў прыехалі каля 700 чалавек з абмежаванымі інтэлектуальнымі магчымасцямі з супольнасці “l’Arche”, заснаванай Жанам Ванье. Падчас мінулагодняй сустрэчы з яе прадстаўнікамі Пантыфік папрасіў, каб няпоўнаспраўныя падзяліліся са сваімі аднагодкамі сведчаннямі пра “шлях міласэрнасці” ў сучасным свеце.

“Францішак жадае, каб на форуме, на якім пануе дух міласэрнасці, моцна загучалі сведчанні людзей з абмежаванымі магчымасцямі, для якіх міласэрнасць – гэта лад жыцця”, - сказаў Крысціян Пецітаў з Францыі, арганізатар палатачнага гарадка “l’Arche” блізу Кракава. Ён патлумачыў, што гэта асобы, жыццё якіх працятае пакутамі, але да кожнага яны падыходзяць з неабмежаваным даверам і любоў.

Сведчанні падапечных “l’Arche” прагучаць падчас цэнтральных мерапрыемстваў Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць з удзелам Папы. Падчас прывітання Францішка на Кракаўскіх лугах, 28 ліпеня 2016 г., маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі прадставяць сцэну аб Добрым Самараніне, а ў пятніцу, перад Крыжовым Шляхам адна з памочніц “l’Arche” падзеліцца сведчаннем пра жыццё няпоўнаспраўных людзей. Падчас стацыі аб Сымоне Кірэнейцу, крыж будзе несці моладзь з супольнасці. У суботу, у сваю чаргу, тры няпоўнаспраўных з “l’Arche” будуць суправаджаць Францішка падчас начнога чування з моладдзю на “Campus Misericordiae”.

Першыя групы “l’Arche” заснаваў у 1964 г. у Францыі Жан Ванье, будучы перакананы ва унікальнай місіі людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Касцёле і ў сучасным свеце. Зараз Супольнасць існуе ў 35 краінах на пяці кантынентах.








All the contents on this site are copyrighted ©.