2016-07-27 16:25:00

Польшча прывітала Святога Айца


Францішак распачаў апостальскае падарожжа ў Польшчу, якая ў гэтыя дні прымае ўдзельнікаў XXXI Сусветных дзён моладзі. 27 ліпеня 2016 г. у 16.00 у міжнародным аэрапорце Кракаў-Баліцэ імя Яна Паўла II прызямліўся cамалёт італьянскай авіякампаніі “Alitalia” з Пантыфікам на борце.

На пляцоўцы другога па велічыні аэрапорта Польшчы ў прысутнасці роты ганаровай варты Святога Айца сустрэлі Прэзідэнт Рэспублікі Анджэй Дуда з жонкай, Апостальскі нунцый, арцыбіскуп Чэлесціна Мільёрэ, а таксама арцыбіскуп Кракаўскі, кардынал Станіслаў Дзівіш. На цырымоніі прывітання Пантыфіка прысутнічалі таксама прадстаўнікі ўлады Польшчы, рэлігійныя дзеячы краіны, група польскіх вернікаў.

Услед за прывітаннем Францішка былі выкананы гімны Апостальскай Сталіцы і Польшчы. Затым адбылося прадстаўленне афіцыйных дэлегацый абедзвюх краін.

Пасля гэтага аўтамабіль з Пантыфікам накіраваўся ў Вавельскі замак для сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, а таксама для прыватнай сустрэчы з Прэзідэнтам Польшчы. Вавельскі замак – сімвалічнае для палякаў месца, тут на працягу пяці стагоддзяў знаходзілася рэзідэнцыя польскіх каралёў. 

Папскі візіт у Польшчу будзе працягвацца пяць дзён. За гэты час Францішак наведае шэраг знакавых для краіны месцаў, сустрэнецца са шматлікімі пілігрымамі ў рамках Сусветных дзён моладзі, а ў апошні дзень свайго прабывання ўзначаліць св. Імшу на закрыццё хрысціянскага моладзевага форума.








All the contents on this site are copyrighted ©.