2016-07-27 17:47:00

Святы Айцец сустрэўся з польскім палітычным класам


Вечарам 27 ліпеня 2016 г. Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі польскай ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў краіне. Гэта адбылося на тэрыторыі Вавельскага замка ў Кракаве. Пантыфік звярнуўся са сваёй першай у рамках падарожжа ў Польшчу прамовай да прысутных амаль 800 чалавек.

Перш за ўсё, ён выказаў сваё захапленне памяццю і моцным пачуццём прыналежнасці да гісторыі краіны, якімі вызначаецца польскі народ. Ён узгадаў св. Яна Паўла II, які распачынаў зварот да любога народа з узгадкі пра яго гісторыю, каб такім чынам “вылучыць скарбы чалавечнасці і духоўнасці”. На думку Францішка, пачуццё ідэнтычнасці неабходна, каб будаваць нацыянальную супольнасць, верную сваім традыцыям і адначасова адкрытую да новага і будучыні, каб весці дыялог на міжнародным ўзроўні.

Існуе памяць добрая і дрэнная, дадаў Святы Айцец і падкрэсліў, што палякі “навучыліся рабіць так, каб добрая памяць пераважала”. Прыкладамі гэтаму могуць служыць святкаванне 50-годдзя ўзаемнай просьбы аб прабачэнні з боку польскага і нямецкага епіскапатаў пасля другой сусветнай вайны або падпісанне сумеснай Дэкларацыі паміж Каталіцкім Касцёлам Польшчы і Маскоўскім Патрыярхатам, якая распачала працэс збліжэння паміж дзвюма Цэрквамі і двума народамі.

Францішак запрасіў першых асоб дзяржавы задумацца аб прычынах эміграцыі палякаў і адначасова праяўляць гасціннасць у адносінах да бежанцаў, якія, уцякаючы ад войнаў і голаду, прыязжаюць у краіну. Святы Айцец заклікаў ва ўсіх палітычных і эканамічных рашэннях кіравацца прынцыпам павагі да годнасці і правоў чалавека; нагадаў аб неабходнасці міжнароднага супрацоўніцтва ў вырашэнні войнаў і канфліктаў.

Папа запрасіў польскі народ з надзеяй глядзець у будучыню, каб спрыяць эканамічнаму і дэмаграфічнаму росту краіны і мець упэўненасць у здольнасці забяспечыць добрае жыццё сваім дзецям. “Яны не павінны толькі вырашаць праблемы, але цешыцца з прыгажосці ўсяго стварэння, з дабра, якое можам рабіць і абараняць, з надзеі, якую можам ім даць”, - сказаў Францішак. Ён заклікаў ствараць добрыя ўмовы для сем’яў, дбаць аб бедных, слабых і самотных. “Жыццё павінна быць заўсёды прынята і абаронена”, - сказаў Святы Айцец.

У завяршэнне прамовы Францішак запэўніў у тым, што краіна можа заўсёды разлічваць на супрацоўніцтва з боку Каталіцкага Касцёла, “як гэта адбывалася на працягу ўсяго яе доўгага гістарычнага шляху”.

Пасля сустрэчы з прадстаўнікамі польскай ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса адбылася прыватная размова Пантыфіка з польскім лідэрам Анджэем Дудай. Адначасова ў прысутнасці Апостальскага нунцыя і прадстаўнікоў польскага ўраду прайшла сустрэча Дзяржсакратара Яго Святасці Папы, кардынала Пьетра Параліна з прэм’ер-міністрам Польшчы, спадарыняй Бэатай Марыяй Шыдла.








All the contents on this site are copyrighted ©.