2016-07-27 13:41:00

Фінансавыя органы Ватыкана супрацоўнічаюць з Банкам Італіі


Прадстаўнікі Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду (AIF) і Банка Італіі падпісалі 26 ліпеня 2016 г. пагадненне аб супрацоўніцтве ў мэтах садзейнічання, на ўзаемнай аснове, абмену інфармацыяй па фінансавым наглядзе кожнага з бакоў. Новы дакумент дазваляе адпаведным фінансавым органам пашырыць інфармацыйныя каналы для нагляду за адносінамі італьянскіх прадпрымальнікаў з ватыканскімі ўстановамі, якія займаюцца дзейнасцю фінансавага характару. 

Гэта чарговы такога роду дакумент. У 2013 г. Бюро фінансавай інфармацыі падпісала пагадненне з Падраздзяленнем фінансавай разведкі Італіі аб супрацоўніцтве ў галіне папярэджання і барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму.

Бюро фінансавай інфармацыі з’яўляецца кампетэнтным органам Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан у наглядзе і рэгуляванні фінансавай дзейнасці. Установа была створана Бэнэдыктам XVI 30 снежня 2010 г. Яна заключыла на сённяшні дзень пагадненні аб супрацоўніцтве з аналагічнымі органамі нагляду розных краін, уключаючы Бразілію, Германію, Люксембург, Польшчу, Злучаныя Штаты Амерыкі, Аўстралію, Канаду, Нарвегію, Швейцарыю, Вялікабрытанію.








All the contents on this site are copyrighted ©.