2016-07-28 19:00:00

Пантыфік: міласэрнасць мае маладое аблічча


Міласэрнасць заўсёды мае маладое аблічча, падкрэсліў папа Францішак падчас сваёй першай сустрэчы з удзельнікамі Сусветных дзён моладзі, якая прайшла 28 ліпеня 2016 г. вечарам на Кракаўскіх лугах.

Пантыфік нагадаў юнакам і дзяўчатам, што напоўненае міласэрнасцю сэрца мае адвагу выйсці з зоны асабістага камфорту насустрач іншым. “Міласэрнае сэрца здольнае стаць прытулкам для тых, хто ніколі не меў дому ці згубіў яго, здольнае ствараць хатняе і сямейнае асяроддзе для тых, хто быў вымушаны эміграваць, здольнае да пяшчоты і спачування. Міласэрнае сэрца здольнае падзяліцца хлебам з тым, хто яго не мае. Міласэрнае сэрца адкрываецца на прыняцце бежанца і мігранта”, - падкрэсліў Папа. 

Францішак прызнаўся, што яму робіцца смутна, калі бачыць моладзь, якая “выйшла на пенсію” раней адпаведнага часу, якая “здаецца” яшчэ не пачаўшы гульні, якая крочыць з панурымі тварамі, якая губляе сваё жыццё і сілы, бягаючы за гандлярамі “фальшывых ілюзій”.

Ён заклікаў моладзь звярнуцца да Езуса Хрыста, Які дапамагае не задавольвацца малым і даваць з сябе лепшае. “Хрыстус нас заклікае і дапамагае ўздымацца кожны раз, калі лічым сябе пераможанымі. Гэта Езус падштурхоўвае нас узняць вочы і марыць аб высокім”, - сказаў Папа.

Ён пажадаў юнакам і дзяўчатам, каб дні, праведзеныя на Сусветных днях моладзі, былі прысвечаны Езусу, слуханню адно аднаго, прыняццю Яго ў тых, з кім падзяляюць дом, шлях, групу ці школу. “Хто прымае Езуса, вучыцца любіць як Езус”, - дадаў Святы Айцец.

На заканчэнне прывітальнай сустрэчы на Кракаўскіх лугах вернікі памаліліся з Папам і атрымалі яго благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.