2016-07-28 13:32:00

Францішак з “Папскага акна”: выбраць правільны шлях у жыцці


Падчас прывітання ўдзельнікаў Сусветных дзён моладзі з “Папскага акна” ў Палацы кракаўскіх біскупаў Францішак запрасіў маладых вернікаў да малітвы за памерлага Мацея – 22-гадовага студэнта і валанцёра, аўтара большасці графічных выяў, якія ўпрыгожваюць хрысціянскі форум. “Дзякую Богу за тое, што дае прыклады адважнай моладзі!” – сказаў Пантыфік.

Спачылы юнак вывучаў графічны дызайн ва ўніверсітэце і зарэгістраваўся ў якасці валанцёра на Сусветныя дні моладзі ў Кракаве. Гэта ён распрацаваў выявы святых заступнікаў, сцягаў і шматлікіх малюнкаў, якія ўпрыгожваюць горад у гэтыя дні. “Менавіта ў гэтай працы ён увасобіў сваю веру”, - сказаў Пантыфік.

У лістападзе 2015 г. хлопцу дыягназавалі рак. Медыкі не здолелі перамагчы захворванне. 2 ліпеня Мацей адышоў у вечнасць. “Нехта з вас падумае: ‘Гэты Папа псуе вечар’, - працягнуў Святы Айцец. - Аднак гэта праўда жыцця. Трэба прызвычайвацца да добрых і дрэнных рэчаў”. Галоўны выклік, дадаў ён, – выбраць правільны шлях у жыцці, як зрабіў гэты юнак. “Вера хлопца прывяла яго на Неба”, - выказаў упэўненасць Францішак і заклікаў маладых вернікаў не баяцца, бо Бог вялікі і добры.








All the contents on this site are copyrighted ©.