2016-07-29 15:29:00

Біскуп Віцебскі: удзел у СДМ дапаможа ў духоўным жыцці


Упершыню ў якасці біскупа прымае ўдзел у Сусветных днях моладзі пастыр Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. У інтэрв'ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё ён прызнаўся, што вельмі ўражаны колькасцю моладзі з усяго свету, якая шукае Бога. Біскуп Віцебскі заўважыў, што нягледзячы на ўсе абставіны ў Кракаў прыехала шмат юнакоў і дзяўчат з Беларусі: “Бачна, што гэта людзі неабыякавыя, якія ведаюць, чаго шукаюць і чаго жадаюць. Думаю, што для кожнага з іх удзел у Сусветных днях моладзі будзе вялікай падтрымкай у духоўным жыцці”.

Падчас прывітання пілігрымамі папы Францішка на Кракаўскім лугах біскупа Алега Буткевіча кранула тое, што найбольш яскравы апостал Божай Міласэрнасці еўрапейскага кантынента, св. Вінцэнт дэ Поль, быў прадстаўлены на беларускай мове: “Было пачуццё гонару за наш край, гэта прызнанне нашай краіны, гэта вельмі прыемна”.

Прысутнасць сярод беларускай моладзі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча пастыр Віцебскай дыяцэзіі лічыць выразным знакам таго, якую ролю адыгрывае моладзь у жыцці Касцёла на Беларусі: “Сваёй прысутнасцю ён падкрэсліў значэнне маладых людзей у Касцёле, што гэта сапраўды будучыня, і што Касцёл у асобе арцыбіскупа гэтую будучыню цэніць, шануе і робіць усё для таго, каб гэтая будучыня была з Богам, каб вера ў сэрцах маладых людзей узмацнялася”.

30 ліпеня 2016 г. удзельнікі Сусветных дзён моладзі прымуць удзел у малітоўным чуванні разам з Францішкам. Яны правядуць пад адкрытым небам усю ноч, а ў нядзелю паўдзельнічаюць у заключнай св. Імшы, якую будзе цэлебраваць Пантыфік.

Павел Міцкевіч, Кракаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.