2016-07-29 19:30:00

Святы Айцец: Крыжовы шлях – адзіны адказ на зло


Кульмінацыйным момантам другога дня ўдзелу папы Францішка ў Сусветных днях моладзі стала набажэнства Крыжовага шляху, якое прайшло вечарам 29 ліпеня 2016 г. на Кракаўскіх лугах. Яго ўдзельнікі разважалі аб учынках міласэрнасці для цела і для душы бліжняга. 

У сваім разважанні пасля набажэнства Святы Айцец падкрэсліў, што вернікі пакліканы служыць укрыжаванаму Хрысту ў кожным маргіналізаваным чалавеку, дакранацца да Яго благаслаўлёнага цела ў кожным адчужаным, галодным, беспрацоўным, пераследаваным, бежанцы і мігранце. 

Паводле Францішка, ад прыняцця выкінутага на ўзбочыну ці грэшніка з параненай душой, залежыць пераканаўчасць хрысціянскага сведчання. Сёння чалавецтва мае патрэбу ў людзях, асабліва моладзі, якія не жадаюць пражыць уласнае жыццё “напалову” і гатовы “спаліць” жыццё ў бескарысным служэнні самым бедным і слабым братам, наследуючы Хрыста.

Пантыфік перакананы, што адзіным магчымым адказам вучня Езуса перад абліччам зла, пакутаў і граху з’яўляецца служэнне: дар сябе і нават свайго жыцця. 

Францішак заклікаў моладзь быць знакам міласэрнай любові Бога ў нашу эпоху, ідучы за Панам па Яго крыжовым шляху. Гэта шлях шчасця нават у драматычных абставінах штодзённага жыцця. Гэта шлях, які не баіцца няўдач, адчужэння ці самотнасці, бо напаўняе сэрца чалавека паўнатой Езуса. Гэта адзіны шлях, які перамагае грэх, зло і смерць, сказаў Папа.

Пасля набажэнства Францішак вярнуўся ў Кракаўскую курыю, дзе спыніўся на час свайго падарожжа ў Польшчу.  








All the contents on this site are copyrighted ©.