2016-08-10 12:09:00

Францішак з нечаканым візітам у кляштарах


Святы Айцец 9 жніўня 2016 г. адправіўся з прыватным візітам у італьнскую правінцыю Рыеці. Падарожжа не было запланавана раней, яго можна назваць спантанным. Пантыфіка суправаджаў мясцовы біскуп, Даменіка Пампілі. Ён наведаў кляштар сясцёр з манаскай кангрэгацыі Выкуплення Найсвяцейшага Аблічча Пана Езуса Хрыста ў Карзолі і кляштар Сясцёр францішканак святой Філіпы Марэры ў Борга-Сан-П’етра-дзі-Петрэла-Сальта.

Гэта не першы спантанны візіт Пантыфіка падчас сёлетняга летняга перыяду. Месяц таму ён нечакана наведаў пасяджэнне Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі, якая дзейнічае ў рамках Кангрэгацыі па справах Біскупаў. Францішак з’явіўся на Віа дэла Канчыліяцыёнэ 1, на супрацьлеглым баку ад плошчы св. Пятра, да ўсеагульнага здзіўлення ўдзельнікаў нарады. Ён правёў з імі кароткую размову. Таксама адбылася яго доўгая гутарка з сакратаром Камісіі, свецкім вернікам з Уругваю, Гусманам Карыкіры Лекурам.

А ў студзені Францішак здзейніў нечаканы “прыватны малітоўны візіт” у італьянскі Грэчыа. Менавіта тут, у 1223 г. св. Францішак устанавіў першыя яслі Божага Нараджэння, уводзячы традыцыю, якая трывае па сённяшні дзень ва ўсім свеце. Святы Айцец наведаў узведзены там санктуарый, маліўся каля стаенкі і сустрэўся з мясцовай францішканскай супольнасцю. Ён надзвычай уразіў сваёй прысутнасцю ўдзельнікаў “Сустрэчы моладзі 2016”, арганізаванай італьянскім антымафіёзным рухам.








All the contents on this site are copyrighted ©.