2016-08-12 13:09:00

Новы памятны медаль пантыфікату прысвечаны міласэрнасці


Памятны медаль чацвёртага году пантыфікату папы Францішка прысвечаны тэме міласэрнасці. Аб гэтым кажуць сімвалы і надпісы, змешчаныя на ім. Медаль быў выкананы ў двух версіях – з серабра і бронзы – і прадстаўлены ўвазе калекцыянераў Ватыканскім філатэлістычным і нумізматычным бюро.

На яго аверсным баку змешчана выява гербу папы Францішка, надпіс “Franciscus Pont Max Anni IV” (Францішак Найвышэйшы Пантыфік Год IV) і парадкавы нумар. 

На рэверсе выканана выява Езуса, які прытуляе да сябе чалавека – сімвал прабачэння, радасці і ўзаемнай адкрытасці. Пад ім знаходзіцца лацінская абрэвіятура “DMI MMXVI”, што азначае Сусветныя дні моладзі 2016 г. – форум, які прайшоў 26-31 ліпеня ў Кракаве. Вакол выявы змешчаны надпіс: “Beati misericordes quia ipsi misericordiam consequentur” (Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць) з Евангелля паводле св. Мацвея. Гэтыя словы былі дэвізам Сусветных дзён моладзі.

Аўтарам медаля з’яўляецца маладая італьянская мастачка Кармэн Тэста, выпускніца Акадэміі мастацтваў у Рыме і спецыяльных трохгадовых курсаў пры Манетным двары Італіі. 

Набыць памятны медаль можна ў сядзібе Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, Ватыкацкім выдавецтве, а таксама краме Ватыканскага філатэлістычнага і нумізматычнага бюро. Кошт яго сярэбранай версіі складае 100 еўра, а бронзавай – 60 еўра.








All the contents on this site are copyrighted ©.