2016-08-12 15:42:00

Францішак: у споведзі сустракаем абдымкі Бога


“У споведзі мы сустракаем міласэрныя абдымкі Айца. Яго любоў нас прабачае заўсёды”, - нагадаў папа Францішак 12 жніўня 2016 г. праз свой профіль у сацыяльнай сетцы “Twitter”. Тэма споведзі вельмі блізкая Святому Айцу і ён часта заахвочвае вернікаў рэгулярна прыступаць да гэтага сакрамэнту. 

У інтэрв’ю італьянскаму ватыканісту Андрэа Тарніелі, якое была апублікавана асобнай кнігай пад назвай “Імя Бога – Міласэрнасць”, Святы Айцец адзначаў, што грэх – гэта не проста пляма, якую можна змыць, як у “хімчысцы”, але “рана, якую трэба даглядаць, лячыць”. 

Менавіта ў гэтым дапамагае рэгулярнае вызнанне грахоў у канфесіянале. “Калі ты не ў стане паразмаўляць пра свае памылкі з братам, будзь упэўнены, што не здолееш паразмаўляць пра іх таксама і з Богам і дойдзеш да таго, што будзеш спавядацца перад люстэркам, перад самім сабой”, - падкрэсліваў Пантыфік. 

Па словах Папы, у жыцці кожнага “важна, не тое, каб ніколі не падаць на працягу шляху”, але “важна заўсёды зноў уздымацца, не заставацца на зямлі, залізваючы раны”.

Францішак і цяпер спавядае, калі здараецца нагода. “Я заўсёды імкнуўся прысвячаць час спавяданню, нават будучы біскупам і кардыналам. Зараз я спавядаю менш, але здараецца, што яшчэ раблю гэта. Часам я хачу ўвайсці ў які-небудзь касцёл і зноў сесці ў канфесіянал”, - прызнаваўся ён. 

Даючы парады для лепшага перажывання Году Міласэрнасці, у сваёй кнізе ён заклікаў “адкрыцца на міласэрнасць Бога, адкрыць самога сябе і ўласнае сэрца; дазволіць Езусу, каб выйшаў нам насустрач, і з даверам накіравацца да канфесіяналу. А таксама, імкнуцца быць міласэрным да іншых”.








All the contents on this site are copyrighted ©.