2016-08-13 14:07:00

Галоўны ватыканскі дыпламат заклікаў да малітвы за Венесуэлу


Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі запрасіў маліцца за Венесуэлу. “Мы ведаем, што краіна змагаецца з сацыяльнымі, палітычнымі і эканамічнымі цяжкасцямі, якія прыносяць пакуты гэтаму дарагому народу. Мы молімся за яго! Мы молімся за тое, каб галоўныя дзеючыя асобы публічнай сферы і грамадская супольнасць былі мудрымі і мужнымі для адшукання мірнага рашэння існуючага крызісу і мелі на мэце ва ўсіх сэнсах агульнае дабро, справядлівасць, салідарнасць і любоў!”, - сказаў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін 13 жніўня 2016 г. падчас св. Імшы на завяшчэнне моладзевай сустрэчы ў італьянскай правінцыі Тэрама. 

Тут з 9 жніўня 2016 г. дзейнічае намётавы гарадок моладзі, куды прыехалі юнакі і дзяўчаты з Італіі, Венесуэлы і Калумбіі. У праграме: сустрэчы з асобамі свету рэлігіі і культуры.

У Венесуэле трэвае палітычны крызіс, справакаваны канфліктам паміж кіраўніцтвам і апазіцыяй. Раней выбарчая кааліцыя Венесуэлы “Круглы стол дэмакратычнага адзінства”, у склад якой уваходзяць правацэнтрысцкія, цэнтрысцкія і левацэнтрысцкія палітычныя партыі, звярнулася да Апостальскага нунцыя ў краіне з просьбай аб пасярэдніцтве ў канфлікце з кіруючымі сацыялістамі і ў працэсе вызвалення палітычных зняволеных.

Таксама і папа Францішак напісаў ліст да Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры, у якім выказваў сваю заклапочанасць сітуацыяй у краіне і заклікаў да дыялогу, а не канфрантацыі. Пазней Пантыфік выказаўся непасрэдна пра ватыканскае пасярэдніцтва ў вырашэнні канфлікту. Падчас вяртання з Кракава, 31 ліпеня 2016 г., ён прызнаўся, што не мае ўпэўненасці ў жаданні бакоў канфлікту прыцягнуць Святы Пасад да працы групы, якая пасярэднічае ў перамовах.

Некалькі месяцаў таму венесуэльскія біскупы звярнуліся да палітычнага кіраўніцтва, каб дазволіла Каталіцкаму Касцёлу арганізаваць дастаўку прадуктаў харчавання і медыкаментаў насельніцтву Венесуэлы, якая, на іх думку, перажывае небывалы эканамічны крызіс.








All the contents on this site are copyrighted ©.