2016-08-15 15:15:00

Папа: Унебаўзяцце Марыі тычыцца кожнага з нас, нашай будучыні


На трагедыю сучасных жанчын, прыгнечаных цяжарам жыцця, драмай гвалту, фанабэрыстасцю магутных гэтага свету, нечалавечымі ўмовамі працы, звярнуў увагу Францішак 15 жніўня 2016 г. у медытацыі перад малітвай “Анёл Панскі” ў Ватыкане.

“Евангелле (Лк 1,39-56) сённяшняй урачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі апісвае сустрэчу Марыі з яе сваячніцай Альжбетай, падкрэсліваючы, што яна “паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды” (Лк 1,39). У тыя дні Марыя пабегла ў невялікае мястэчка недалёка ад Ерузалема, каб сустрэцца з Альжбетай. Сёння мы сузіраем яе на шляху да Нябеснага Ерузалему, каб, нарэшце, сустрэць аблічча Айца, і яшчэ раз убачыць твар свайго Сына, Езуса. Шмат разоў у сваім жыцці на зямлі яна праходзіла праз горныя мясціны, у тым ліку апошні балесны этап Галгофы, звязаны з таямніцай мукі Хрыста. Цяпер мы бачым, як яна ўзбіраецца на гару Божую, “апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі яе, а над яе галавою вянок з дванаццаці зорак”, як кажа Кніга Апакаліпсіса (12, 1), і пераступае парог нябеснай радзімы.

Яна першай паверыла ў Сына Божага і з’яўляецца першай з нас, якая была з душой і целам узята на нябёсы. Як першая прыняла і ўзяла ў рукі Езуса, калі Ён быў яшчэ дзіцём, і першая, якая была прынята ў яго руках, каб увайсці ў вечнае Валадарства Айца. Марыя, пакорная і простая дзяўчына з загубленай мясцоваці на ўскраіне імперыі, дзякуючы таму, што прыняла і жыла Евангеллем, была прынята Богам, каб назаўжды стаяць каля пасаду Сына. Такім чынам, Пан скідвае магутных з трону і ўзвышае пакорных (Лк 1,52).

Унебаўзяцце Марыі гэта вялікая таямніца, якая тычыцца кожнага з нас, тычыцца нашай будучыні. Марыя папярэднічае нам на дарозе, якой пайшлі тыя, хто, праз хрост звязаў сваё жыццё з Езусам, як і Марыя з Ім звязала сваё жыццё. 

Сённяшняя ўрачыстасць запрашае нас паглядзець на нябёсы і абяцае “новае неба і новую зямлю”, разам з перамогай уваскрослага Хрыста над смерцю і канчатковай паразай зла. Таму радасць сціплай дзяўчыны з Галілеі, выяўленая ў песні “Магніфікат”, становіцца песняй усяго чалавецтва, што радуецца бачачы  Пана, Які схіляецца над усімі мужчынамі і жанчынамі, сціплымі стварэннямі, і забірае іх з сабой на нябёсы. Пан схіляецца над пакорнымі, каб падняць іх, і мы чулі гэта ў “Магніфікаце”, песні Марыі.

Спеў Марыі прымушае нас падумаць пра многія бягучыя балесныя сітуацыі, асабліва пра жанчын, прыгнечаных цяжарам жыцця і драмай гвалту, пра жанчын, зняволеных фанабэрыстасцю магутных, пра дзяўчынак, прымушаных да нечалавечай працы, жанчын, вымушаных цялесна і духоўна паддавацца пажадлівасці мужчын. Няхай як мага хутчэй прыйдзе да іх пачатак жыцця ў міры, справядлівасці, любові, у чаканні таго дня, калі, нарэшце, адчуюць сябе злоўленымі ў рукі, якія не зневажаюць, але з пяшчотай падымаюць іх і вядуць дарогай жыцця, да нябёсаў. Марыя, жанчына, дзяўчына пакутавала шмат у сваім жыцці. Яна прымушае нас падумаць аб тых жанчынах, якія моцна пакутуюць. Я малюся да Пана, каб Ён сам вёў іх сваёй рукой дарогай жыцця, і выбавіў іх ад рабства.

А цяпер давайце з даверам звернемся да Марыі, салодкай Каралевы неба і будзем прасіць яе: “Дапамажы нам весці жыццё чыстае, сцялі нам бяспечны шлях, бачыць дай Езуса, мець у Ім радасць вечную”, - завяршыў свае разважанні Францішак. 

Пантыфік пажадаў добрага свята ўсім прысутным на плошчы св. Пятра, а таксама ўсім вернікам, якія знаходзяцца зараз на адпачынку і тым, хто не змог паехаць адпачываць, і, асаблівым чынам, хворым і адзінокім.








All the contents on this site are copyrighted ©.