2016-08-17 12:00:00

Папа ўстанавіў Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця


Святы Айцец заснаваў 15 жніўня 2016 г. новую Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця. 17 жніўня 2016 г. у Ватыкане быў апублікаваны адпаведны Апостальскі ліст Пантыфіка ў форме “Motu proprio”, у якім гаворыцца, што “Касцёл, клапатлівая Маці, заўсёды, на працягу стагоддзяў, з вялікай увагай і павагай ставіцца да свецкіх вернікаў, сям’і і жыцця, выяўляючы любоў міласэрнага Збаўцы да чалавецтва”. 

Таксама і на Пантыфіку, як Пастыру статку Пана, ляжыць такі абавязак. Сюды ўпісваецца і імкненне, каб дыкастэрыі Рымскай курыі адпавядалі ўмовам часу і дзейнічалі адпаведна патрэбам Паўсюднага Касцёла. У прыватнасці, гаворка ідзе пра свецкіх вернікаў, сям’ю і жыццё, якія патрабуюць падтрымкі і дапамогі, паколькі “з’яўляюцца актыўнымі сведкамі Евангелля ў наш час і выразам дабрыні Збаўцы”, - гаворыцца ў папскім дакуменце.

“Таму, старанна ацаніўшы ўсе рэчы, нашай апостальскай уладай мы ўстанаўліваем Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця, дзейнасць якой будзе рэгулявацца адмысловымі Статутамі. Абавязкі і функцыі, якія дагэтуль належалі да Папскай рады па справах свецкіх і Папскай рады па справах сям’і, будуць перададзеныя Дыкастэрыі з 1 верасня бягучага года, з спыненнем існавання вышэйзгаданых Папскіх радаў”, - напісаў Францішак у сваім Апостальскім лісце.

Пантыфік прызначыў 17 жніўня 2016 г. і прэфекта новастворанай Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Ім стаў 68-гадовы амерыканскі біскуп ірландскага паходжання Кэвін Джозэф Фарэл, які да гэтага быў пастырам Даласкай дыяцэзіі ў ЗША. Родны брат іерарха таксама працуе ў структурах Рымскай курыі – Браян Фарэл з’яўляецца сакратаром Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Трэба нагадаць, што раней, 4 чэрвеня 2016 г., Францішак зацвердзіў “ad experimentum” cтатут Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, з якога вынікае, што новая Дыкастэрыя будзе падзелена на тры Секцыі: па справах свецкіх вернікаў, па справах сям’і і па справах жыцця. Яе кампетэнцыі будуць распаўсюджвацца на пытанні, звязаныя з дзейнасцю Апостальскай Сталіцы на карысць садзейнічання жыццю і апостальства свецкіх вернікаў, душпастырства сям’і і яе місіі, абароны і падтрымкі чалавечага жыцця.

Паводле Статута, Дыкастэрыю ўзначальвае прэфект, дапамае яму сакратар, які можа быць свецкай асобай, і тры свецкія падсакратары. Супрацоўнікі, духавенства і свецкія вернікі, павінны быць выбраны, наколькі гэта магчыма, з розных рэгіёнаў свету, згодна з адпаведнымі правіламі Рымскай курыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.